Турызм у Беларусі
Турызм — важны сектар сферы паслуг Беларусі. Развіваецца як унутраны, так і міжнародны турызм, прычым, апошняму надаецца пільная ўвага з боку дзяржавы. Колькасць арганізаваных турыстаў і экскурсантаў, якія наведалі Беларусь у 2018 годзе, склала 365,5 тыс. чалавек (у 2017 годзе — 282,7 тыс.). Найбольшая колькасць прыбыўшых арганізаваных турыстаў і экскурсантаў прыходзілася на расійскіх грамадзян (57 %). Сярод іншых краін-лідараў па ліку наведванняў — Літва, Польшча, Латвія, Украіна, Германія, Кітай, Іспанія, Эстонія, Вялікабрытанія, Ізраіль. Сярэдняя працягласць знаходжання замежных турыстаў у Беларусі у 2018 годзе склала 5 дзён.[1]
Эканамічныя паказчыкі
[правіць | правіць зыходнік]Рынак турызму з’яўляецца дынамічнай галіной беларускай эканомікі. Сярэднегадавы абарот рынку турпаслуг на працягу 2012–2014 перавышае $ 20 млн і павялічваецца штогод на 8 %. Прыбытковасць арганізацыі турбізнесу, паводле афіцыйных даных, складае ў залежнасці ад стану кан’юнктуры рынку 10—20 % гадавых. Выдаткі на арганізацыю турызму складаюць звыш $ 18 млн. Гадавая выручка на аднаго занятага ў сферы турызму складае $ 6—8 тыс. У сферы турызму занята больш за 3,6 тыс. чалавек. У Беларусі на пачатак 2018 года ажыццяўлялі турыстычную дзейнасць 1444 арганізацыі, паслугамі якіх скарысталіся больш за 2 млн турыстаў і экскурсантаў. Большая частка фірмаў, што маюць права займацца турысцкай дзейнасцю, знаходзяцца ў прыватнай уласнасці.
Інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]Больш 250 гасцініц адначасова могуць прыняць 30 тыс. прыезджых. У распараджэнні турыстаў 14 турысцкіх гасцініц (больш за 6,5 тыс. месцаў), 9 турбаз і кемпінгаў (4,3 тыс. месцаў)[2].
Захады па развіцці
[правіць | правіць зыходнік]У ліпені 2018 быў падпісаны загад аб бязвізавым рэжыме, згодна з якім грамадзяне 74 дзяржаў могуць уехаць і выехаць у Рэспублiку Беларусь без візы на тэрмін да 30 сутак (уключаючы дзень прылёту і адлёту) праз пункт пропуску праз Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь Нацыянальны аэрапорт Мінск.[3] Таксама вялася планамерная праца Міністэрства Спорту і Турызму і нацыянальнай кампаніі «Белавія»; айчынныя тураператары прыклалі для развіцця турызму нямала намаганняў. Усё гэта прывяло да росту колькасці турыстаў, якія прыязджаюць у Беларусь. Адна з галоўных задач на 2019 г. — далейшая лібералізацыя візавага рэжыму. Плануецца аб’яднаць бязвізавыя зоны Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, каб турысты маглі падарожнічаць па новых маршрутах і як мага даўжэй заставацца ў нашай краіне.[4]
Праграмы
[правіць | правіць зыходнік]У Беларусі з мэтай рацыянальнага выкарыстання сферай турызму нацыянальнай культурнай спадчыны і найбольш каштоўных прыродных комплексаў распрацавана Дзяржаўная інвестыцыйная праграма адраджэння гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны рэспублікі «Залатое кольца Беларусі», праектам якой прадугледжваецца стварэнне шматкропкавай спецыяльнай эканамічнай зоны турысцка-рэкрэацыйнага тыпу[2].
Віды турызму
[правіць | правіць зыходнік]Пазнавальны
[правіць | правіць зыходнік]На тэрыторыі Беларусі, з яе старажытнай і багатай гісторыяй ды самабытнай культурай, размешчана значная колькасць гістарычных гарадоў: Навагрудак — першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага, Полацк — сталіца Полацкага княства, Тураў і Гродна — цэнтры славянскіх княстваў IX—XII стагоддзяў, Мсціслаў — цэнтр буйнога ваяводства ХVІ стагоддзя. У шматлікіх гарадах захаваліся старадаўнія храмы і манастыры, палацы і замкі, каштоўныя гістарычныя і культурныя помнікі[2].
Агра- і экатурызм
[правіць | правіць зыходнік]У Беларусі ў 2017 годзе год ажыццяўляў дзейнасць 1821 суб'ект аграэкатурызму. Колькасць турыстаў, якія скарысталіся паслугамі аграэкатурызму за 2017 год, склала 351,1 тыс. чалавек. Грамадзяне Беларусі ў агульнай колькасці аграэкатурыстаў занялі 90 %.
У Беларусі шырокую вядомасць набыў паляўнічы і рыбалоўны турызм. На тэрыторыі паляўнічагаспадарак маецца магчымасць арганізацыі камерцыйных паляўнічых тураў з гарантыяй на разнастайныя віды дзічыны[2].
Спартыўны турызм
[правіць | правіць зыходнік]У Беларусі актыўна развіваецца спартыўны або фан-турызм. У 2018 годзе ў нашай краіне было праведзена каля 80 буйных спартыўных мерапрыемстваў. У 2019 годзе іх будзе больш за 100, уключаючы Еўрапейскія гульні. У студзені 2019 года ў Мінску прайшоў 111-ы чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні на каньках, а летам 2019 прайшлі Другія еўрапейскія гульні.
Беларускія турысты за мяжой
[правіць | правіць зыходнік]Колькасць арганізаваных турыстаў і экскурсантаў, якія выехалі за мяжу, у 2018 годзе склала 850,7 тыс. чалавек. У краіны СНД арганізавана выехала 20 %, у ЕС — 28%, іншыя краіны — 52%. Найбольш наведвалі краінамі былі Егіпет, Турцыя, Украіна, Балгарыя, Расія, Іспанія, Польшча, Грэцыя, Грузія, Чарнагорыя, Чэхія, Літва і Італія (туды адправіліся 88,1 % тых, хто выехаў за мяжу).[1]
Зноскі
- ↑ а б https://www.belta.by/society/view/turpotok-v-belarus-v-2018-godu-vyros-na-30-338866-2019/
- ↑ а б в г Эканоміка // Дасье БЕЛТА
- ↑ https://www.belarustourism.by/news/o-bezvizovom-rezhime-v-respublike-belarus-/ Архівавана 29 кастрычніка 2018.
- ↑ Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 27 верасня 2020. Праверана 2 мая 2019.