Тактычная група «Беларусь»
Тактычная група «Беларусь» | |
---|---|
Гады існавання | са студзеня 2015 года |
Краіна | Украіна |
Уваходзіць у | ДУК "Правы сектар" |
Тып | воінскае фарміраванне |
Удзел у | Вайна на ўсходзе Украіны |
Знакі адрознення |
Тактычная група «Беларусь» (укр.: Тактична група «Білорусь») — група добраахвотнікаў з Беларусі, якая ўдзельнічала ва ўзброеным канфлікце на Данбасе. Прымала ўдзел у баявых дзеяннях на баку Украіны спачатку ў складзе Добраахвотніцкага Украінскага Корпуса «Правага сектара», а пасля ў складзе разнастайных фармаванняў Украінскай Добраахвотніцкай Арміі і Узброеных сілах Украіны[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Тактычная група «Беларусь» была створана ў студзені 2015 года ў пасёлку Пескі Данецкай вобласці, яе фармаванне праводзілася ў прыфрантавой зоне[2]. Афіцыйна ДУК «Правы сектар» аддаў загад пра стварэнне Тактычнай групы «Беларусь» толькі ў жніўні 2015 года, але да таго часу яна ўжо дэ-факта дзейнічала восем месяцаў. Матэрыяльным забеспячэннем групы ў значнай ступені займаўся дабрачынны фонд «Валошка».
Байцы Тактычнай групы «Беларусь» прымалі ўдзел у баях за Аўдзееўку, Пескі, Валнаваху, Мар’інку[3].
Першапачаткова група налічвала 26 чалавек, але да 2016 года іх было ўжо больш за 30. Паводле ўнутранай дамоўленасці, дакладная колькасць групы ніколі не агучвалася, каб гэтая інфармацыя не трапіла да спецслужбаў Рэспублікі Беларусь. Вядомыя імёны і пазыўныя некаторых байцоў: грамадскі актывіст Ян Мельнікаў, былыя палітвязні Эдуард Лобаў і Васіль Парфянкоў[4], а таксама асобы з пазыўнымі: «Рустам Док»[5], «Шляхціч», «Зубр», «Ваяр», «Тур»[6]. Большую частку групы складалі добраахвотнікі, якія прытрымліваліся нацыяналістычных поглядаў.
У ліпені 2017 года інфармацыйныя рэсурсы групы былі ўнесены ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў па рашэнні суда Цэнтральнага раёна Мінска[7].
9 сакавіка 2022 года падчас уварвання Расіі ва Украіну Тактычная група «Беларусь» у сваіх сацыяльных сетках заявіла пра аб’яднанне ў батальён імя Кастуся Каліноўскага, які пазней быў ператвораны ў полк.[8] Камандзір палка Каліноўскага — Дзяніс Прохараў, у 2015 годзе ваяваў пад Мар’інкай Данецкай вобласці ў складзе тактычнай групы «Беларусь»[9].
У верасні 2022 года МУС Беларусі прызнала інтэрнэт-рэсурсы тактычнай групы «Беларусь» і іншых беларускіх воінскіх фарміраванняў ва Украіне экстрэмісцкім фарміраваннем[10].
Загінулыя байцы
[правіць | правіць зыходнік]10 жніўня 2015 года ў баі пад Белай Каменкай быў цяжка паранены 33-гадовы беларус Алесь Чаркашын з пазыўным «Тарас», які быў адным са стваральнікаў групы. Знаходзіўся ў коме і памёр 28 жніўня[11]. У тым жа баі быў забіты іншы стваральнік ды каардынатар групы Віталь Ціліжэнка[12].
13 сакавіка 2022 года пад Кіевам загінуў камандзір групы батальёна Кастуся Каліноўскага Аляксей Скобля (31 год) з пазыўным «Тур», які быў у складзе Тактычнай групы «Беларусь».[13][14][15]
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]- Беларусь і канфлікт на ўсходзе Украіны
- Атрад Пагоня
- Помнік беларусам, якія загінулі за Украіну
- Алесь Мікалаевіч Чаркашын
- Віталь Віктаравіч Ціліжэнка
- Васіль Парфянкоў
- Эдуард Анатолевіч Лобаў
Зноскі
- ↑ Тактычная група «Беларусь». Афіцыйны сайт Архівавана 10 лютага 2017.
- ↑ Тактычная група «Беларусь» аб’яднае беларускіх дабраахвотнікаў ва Украіне
- ↑ Ян Мелнікау: Без вільної України не буде вільної Білорусі
- ↑ Тактычная група «Беларусь» прызнала Парфянкова і Лобава франтавікамі
- ↑ Воевавший в АТО за Украину белорус, не получив обещанного украинского гражданства, вынужден был просить статус беженца в Польше(недаступная спасылка)
- ↑ Білоруських добровольців АТО взяли до елітної частини української армії Архівавана 5 кастрычніка 2017.
- ↑ Республиканский список экстремистских материалов
- ↑ Беларусы стварылі асобны батальён імя Кастуся Каліноўскага для абароны Кіева
- ↑ «Мне стыдно, что у меня такой сын». Авторы покаянных видео пришли к матерям беларусов, воюющих на стороне Украины(недаступная спасылка)
- ↑ МВД признало экстремистскими формированиями ресурсы Полка Калиновского, телеграм-каналы «Движ» и «Баста!»
- ↑ Беларус з пазыўным «Тарас», які загінуў ва Украіне, — гэта брэсцкі актывіст Алесь Чаркашын
- ↑ На Данбасе загінуў адзін са стваральнікаў беларускага атраду «Правага сэктару»
- ↑ Пад Кіевам загінуў беларускі добраахвотнік
- ↑ Радыё Свабода. Ва Ўкраіне загінуў беларус, які служыў у элітным украінскім атрадзе . Радыё Свабода (13 сакавіка 2022).
- ↑ Смяротна паранены беларус «Тур» загінуў пад Кіевам
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Андреева К., Ильяш И. Белорусский Донбасс — Харьков: Фолио, 2020. — 79—83 с. — ISBN 978-966-03-9020-1.