Дом Упхагена
Славутасць | |
Дом Упхагена | |
---|---|
польск.: Dom Uphagena | |
54°20′57″ пн. ш. 18°38′57″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Польшча |
Горад | Гданьск |
Першае згадванне | 1357 |
Статус | Музей |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Дом Упхагена (польск.: Dom Uphagena) — гістарычны будынак у Галоўным горадзе Гданьска. Сёння тут размешчаны аддзел Музея Гданьска.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Самыя старажытныя згадкі пра жылы будынак, верагодна драўляны, узведзены на гэтым месцы, адносяцца да 1357 года. У XV стагоддзі будынак ужо быў мураваны. Яго фасад быў перабудаваны ў XVI стагоддзі. Уладальнікі камяніцы былі з розных сем'яў. У 1775 годзе дом набыў багаты бібліяфіл і гісторык Іаган Вільгельм Упхаген (1731–1802). Ён замовіў рэканструкцыю фасада і інтэр'еру ў адпаведнасці з тагачаснай модай (ракако). Камяніца таксама атрымала новы дэкор, які ўключаў, між іншым, драўляныя панэлі, пано з рознымі матывамі (казуркі, кветкі, птушкі, старажытная архітэктура, кітайскія сюжэты).
У 1910 годзе дом быў перададзены ў арэнду гарадскім уладам, і тут быў створаны музей, які дзейнічаў да 1944 года. Пасля таго, як у сакавіку 1945 года будынак быў спалены Савецкай арміяй і большая частка першапачатковага інтэр'ера знікла, было прынята рашэнне аб яго аднаўленні. На працягу многіх гадоў быў адноўлены знешні і ўнутраны выгляд дома XVIII стагоддзя, праведзена рэканструкцыя ўнутраных памяшканняў па захаванай дакументацыі. Пасля рэканструкцыі ў 1953 годзе ў доме спачатку размяшчаліся розныя ўстановы. У 1981 годзе ён аднавіў сваю функцыю музея, а пасля наступнай рэканструкцыі ў 1998 годзе стаў даступны для наведвальнікаў як Музей гарадскіх інтэр'ераў.
Будынак размешчаны на вузкім, але доўгім участку. Фасад камяніцы трохвосевы, трохпавярховы, з двухпавярховай мансардай, пафарбаваны ў цагляна-чырвоны колер. Музей паказвае наведвальнікам каля дзясятка пакояў: зала, антрэсолі, гарбатны пакой, зала на першым паверсе, гасцёўня на першым паверсе, вялікая сталовая, тры пакоі адпачынку ў бакавой прыбудове, невялікая сталовая, флігель, пакой кухаркі, кухня, кладоўка і інш. Гэта адзіная камяніца ў Польшчы і адна з нямногіх камяніц у Еўропе, даступных для турыстаў, з інтэр'ерам, характэрным для дамоў багатых мяшчан, якія жылі ў XVIII стагоддзі. Інтэр'еры з багата ўпрыгожанымі панэлямі і ляпнінай абсталяваны каштоўным начыннем, як правіла, з XVIII стагоддзя, у тым ліку мэбляй, гадзінамі, карцінамі і музычнымі інструментамі, а таксама трыма арыгінальнымі печамі.