Перайсці да зместу

Свяшчэнная Рымская імперыя

Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Свяшчэнная Рымская Імперыя)
імперыя
Свяшчэнная Рымская імперыя германскай нацыі
лац.: Sacrum Imperium Romanum Nationis Germanicæ
ням.: Heiliges Römisches Reich Deutscher Nation
Герб імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі з дынастыі Габсбургаў, 1605 год Сцяг Свяшчэннай Рымскай імперыі ў XV-XVIII стагоддзях
Герб імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі з дынастыі Габсбургаў, 1605 год Сцяг Свяшчэннай Рымскай імперыі ў XV-XVIII стагоддзях
Гімн: Gott erhalte Franz den Kaiser[d]
Тэрыторыя Свяшчэннай Рымскай імперыі ў 962-1806 гадах
Тэрыторыя Свяшчэннай Рымскай імперыі ў 962-1806 гадах
< 
< 
< 
 >
 >
962 — 1806

Сталіца не існавала
Мова(ы) Лацінская мова, Германскія мовы, Раманскія мовы, Славянскія мовы
Афіцыйная мова лацінская мова, нямецкая, італьянская мова, чэшская, венгерская мова і польская
Рэлігія Рымска-каталіцкая царква (імператары), Лютэранства, Кальвінізм (некаторыя прынцэсы)
Грашовая адзінка дукат
Насельніцтва
  • 40 000 000 чал. (1806)
Форма кіравання Выбарная манархія, Рэйхстаг
Дынастыя больш за 20 дынастый
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Свяшчэ́нная Ры́мская імпе́рыя1512 года — Свяшчэ́нная Ры́мская імпе́рыя герма́нскай на́цыі; лац.: Sacrum Imperium Romanum Nationis Germanicæ або Sacrum Imperium Romanum Nationis Teutonicæ, ням.: Heiliges Römisches Reich Deutscher Nation) — дзяржаўнае ўтварэнне, якое існавала з 962 па 1806 год і аб'ядноўвала многія тэрыторыі Еўропы. У перыяд найвышэйшага росквіту ў склад імперыі ўваходзілі землі Германіі, якія былі яе ядром, паўночная і сярэдняя Італія, Нідэрланды, Чэхія, а таксама некаторыя землі Францыі. З 1134 года фармальна складалася з трох каралеўстваў: Германіі, Італіі і Бургундыі. З 1135 года ў склад імперыі ўвайшло каралеўства Чэхія, афіцыйны статус якога ў складзе імперыі быў канчаткова ўрэгуляваны ў 1212 годзе.

Імперыя была заснавана ў 962 годзе германскім каралём Атонам I Вялікім і разглядалася як прамы працяг антычнай Рымскай імперыі і франкскай імперыі Карла Вялікага[1]. Працэсы станаўлення адзінай дзяржавы ў імперыі за ўсю гісторыю яе існавання так і не былі завершаны, і яна заставалася дэцэнтралізаваным утварэннем са складанай феадальнай іерархічнай структурай, якая аб'ядноўвала некалькі сотняў тэрытарыяльна-дзяржаўных утварэнняў. На чале імперыі стаяў імператар. Імператарскі тытул не быў спадчынным, а прысвойваўся па выніках абрання калегіяй курфюрстаў. Улада імператара ніколі не была абсалютнай і абмяжоўвалася вышэйшай арыстакратыяй Германіі, а з канца XV ст.рэйхстагам, якія прадстаўлялі інтарэсы асноўных саслоўяў імперыі.

У ранні перыяд свайго існавання імперыя мела характар феадальна-тэакратычнай дзяржавы, а імператары прэтэндавалі на найвышэйшую ўладу ў хрысціянскім свеце. Узмацненне Папскага Прастола і шматвяковая барацьба за ўладанне Італіяй пры адначасовым росце магутнасці тэрытарыяльных князёў у Германіі значна аслабілі цэнтральную ўладу ў імперыі. У перыяд позняга Сярэднявечча ўзялі верх тэндэнцыі дэзінтэграцыі, якія пагражалі ператварыць Свяшчэнную Рымскую імперыю ў кангламерат паўнезалежных утварэнняў. Аднак ажыццёўленая ў канцы XV — пачатку XVI стагоддзя «імперская рэформа» дазволіла ўмацаваць адзінства краіны і сфарміраваць новы баланс улады паміж імператарам і саслоўямі, які дазволіў імперыі адносна паспяхова сапернічаць з нацыянальнымі дзяржавамі Заходняй Еўропы. Крызіс Рэфармацыі і Трыццацігадовай вайны быў пераадолены коштам далейшага абмежавання ўлады імператара і ператварэннем агульнасаслоўнага рэйхстага ў галоўны элемент імперскай канструкцыі. Імперыя новага часу забяспечвала суіснаванне некалькіх канфесій у рамках адзінай дзяржавы і захаванне самастойнасці яе суб'ектаў, а таксама абарону традыцыйных правоў і прывілеяў саслоўяў, аднак страціла здольнасць да экспансіі, узмацнення цэнтральнай улады і вядзення наступальных войнаў. Развіццё буйных нямецкіх княстваў па шляху ўнутранай кансалідацыі і станаўлення ўласнай дзяржаўнасці ўваходзіла ў супярэчнасць з застылай імперскай структурай, што ў XVIII ст. прывяло да паралічу цэнтральных інстытутаў і развалу імперскай сістэмы. Свяшчэнная Рымская імперыя праіснавала да 1806 года і была ліквідавана падчас напалеонаўскіх войнаў, калі быў сфарміраваны Рэйнскі саюз, а апошні імператар Франц II адрокся ад прастола.

Характар дзяржавы

[правіць | правіць зыходнік]
Сцяг Свяшчэннай Рымскай імперыі ў XIII—XIV стст.
Сцяг Свяшчэннай Рымскай імперыі ў XV—XVIII стст.
Герб імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі з дынастыі Габсбургаў, 1605 год

Свяшчэнная Рымская імперыя на працягу ўсіх васьмісот пяцідзесяці гадоў свайго існавання заставалася іерархічным дзяржаўным утварэннем феадальнага тыпу. Яна ніколі не набывала характар нацыянальнай дзяржавы[2], як Англія ці Францыя, не дасягнула і колькі-небудзь высокай ступені цэнтралізацыі сістэмы кіравання. Імперыя не была ні федэрацыяй, ні канфедэрацыяй у сучасным разуменні, а спалучала элементы гэтых форм дзяржаўнага ладу. Суб'ектны склад імперыі адрозніваўся крайняй разнастайнасцю: паўнезалежныя вялізныя курфюрствы і герцагствы, княствы і графствы, вольныя гарады, невялікія абацтвы і дробныя ўладанні імперскіх рыцараў, — усе яны з'яўляліся паўнапраўнымі суб'ектамі імперыі (імперскімі саслоўямі), якія мелі розную ступень праваздольнасці. Улада імператара ніколі не была абсалютнай, а дзялілася з вышэйшай арыстакратыяй краіны. Больш таго, у адрозненне ад іншых еўрапейскіх дзяржаў, жыхары імперыі не былі непасрэдна падпарадкаваны імператару, а мелі ўласнага кіраўніка — свецкага ці царкоўнага князя, імперскага рыцара ці гарадскі магістрат, што стварала два ўзроўні ўлады ў краіне: імперскі і тэрытарыяльны, — часта канфліктуючыя паміж сабой.

Кожны суб'ект імперыі, асабліва такія магутныя дзяржавы, як Аўстрыя, Прусія, Баварыя, меў шырокую ступень незалежнасці ва ўнутраных справах і вызначанымі прэрагатывамі ў знешняй палітыцы, аднак суверэнітэт працягваў заставацца атрыбутам імперыі сам па сабе, а пастановы імперскіх устаноў і нормы імперскага права мелі абавязковую сілу (часам, праўда, толькі тэарэтычна) для ўсіх дзяржаўных утварэнняў, якія складалі імперыю. Для Свяшчэннай Рымскай імперыі была характэрна асаблівая роля царквы, якая надавала гэтаму дзяржаўнаму ўтварэнню элементы тэакратыі, аднак у той жа час імперская структура ўпершыню ў Еўропе пасля Рэфармацыі забяспечыла працяглае мірнае суіснаванне некалькіх канфесій у рамках адзінай дзяржавы. Развіццё Свяшчэннай Рымскай імперыі адбывалася ва ўмовах пастаяннай барацьбы тэндэнцый распаду і аб'яднання. Працэсы распаду, часцей за ўсё, падтрымліваліся за кошт буйных тэрытарыяльных княстваў, якія паступова набывалі прыкметы суверэнных дзяржаў і імкнуліся вызваліцца ад улады імператара, у той час як галоўнымі аб'яднальнымі фактарамі выступалі імператарскі прастол, імперскія ўстановы і інстытуты (рэйхстаг, імперскі суд, сістэма земскага міру), каталіцкая царква, нямецкая нацыянальная самасвядомасць, саслоўны прынцып пабудовы дзяржаўнай структуры імперыі, а таксама імперскі патрыятызм (ням.: Reichspatriotismus) — лаяльнасць да імперыі і імператара як яе главы (але не як к прадстаўніку пэўнай дынастыі), якая ўкаранілася ў грамадскай свядомасці.

Узнікшы ў 962 годзе, Свяшчэнная Рымская імперыя прэтэндавала на пераемнасць антычнай Рымскай імперыі і Франкскай імперыі Карла Вялікага, спрабуючы стаць універсальным дзяржаўным утварэннем, якое аб'ядноўвала б увесь еўрапейскі хрысціянскі свет. Атон I Вялікі, першы манарх Свяшчэннай Рымскай імперыі, выкарыстоўваў тытул imperator Romanorum et Francorum (лац.: імператар рымлян і франкаў[3][K 1]). Хоць ядром імперыі заўсёды была Германія, імперскім свяшчэнным цэнтрам быў Рым: у гэтым горадзе да XVI стагоддзя праводзіліся каранацыі імператараў і менавіта з Рыма, па сярэдневяковых уяўленнях, паходзіла іх Боская ўлада. Тытул «Рымскі імператар» (лац.: imperator augustus Romanorum) выкарыстоўваўся ўжо Атонам II (973983), а словазлучэнне «Рымская імперыя» ўпершыню згадваецца ў крыніцах пад 1034 годам. У той жа час, выкарыстанне гэтага тытула выклікала рэзкае непрыманне ў Візантыі, дзе лічылася, што толькі візантыйскі імператар мае права звацца рымскім імператарам.

Манархі Свяшчэннай Рымскай імперыі прэтэндавалі на вярхоўную духоўную ўладу на яе тэрыторыі і ролю абаронцы і заступніка еўрапейскай хрысціянскай царквы. Першапачаткова гэта не патрабавала асобнага ўпамінання ў тытулатуры, аднак пасля завяршэння барацьбы за інвестытуру і распаўсюджання ідэі вяршэнства Папы Рымскага ў духоўнай сферы да наймення імперыі сталі дадаваць слова «Свяшчэнная» (лац.: Sacrum; упершыню, верагодна, у 1157 годзе), падкрэсліваючы тым самым прэтэнзіі імператараў у адносінах да царквы[K 2]. Ужыванне эпітэта «Свяшчэнны» не да асобы кіраўніка, а да дзяржаўнага ўтварэння, як відаць, было новаўвядзеннем, народжаным у канцылярыі імператара Фрыдрыха I Барбаросы[4] (11521190). Уласна назва «Свяшчэнная Рымская імперыя» ў яго лацінскай версіі Sacrum Romanum Imperium упершыню з'явілася ў 1254 годзе, а яго эквівалент на нямецкай мове (ням.: Heiliges Römisches Reich) — яшчэ праз стагоддзе, у кіраванне Карла IV (13461378).

Указанне на «германскую нацыю» ў тытуле імператара стала выкарыстоўвацца пачынаючы з сярэдзіны XV стагоддзя, калі вялікая частка негерманскіх зямель была страчана і імперыя стала ўспрымацца як нацыянальнае нямецкае дзяржаўнае ўтварэнне. Першае сведчанне пра выкарыстанне гэтага тытула ўтрымліваецца ў законе аб земскім міры 1486 года імператара Фрыдрыха III. Канчатковую форму назвы імперыя набыла ўжо ў пачатку XVI стагоддзя: у 1512 годзе Максіміліян I у сваім звароце да рэйхстага ўпершыню афіцыйна выкарыстаў найменне «Свяшчэнная Рымская імперыя германскай нацыі» (ням.: Heiliges Römisches Reich Deutscher Nation).

К сярэдзіне XVIII стагоддзя імперыя страціла які-небудзь уплыў у Італіі, імператар пазбавіўся сваіх прэрагатыў у царкоўнай сферы, а тэндэнцыі распаду фактычна ператварылі Германію ў кангламерат паўнезалежных княстваў. Гэта дазволіла Вальтэру заявіць, што Свяшчэнная Рымская імперыя больш не з'яўляецца «ні свяшчэннай, ні рымскай, ні імперыяй». У сваіх апошніх дакументах (заключная пастанова імперскай дэпутацыі 1803 года і маніфест Франца II пра роспуск імперыі 1806 года) дзяржава звалася ўжо «Германская імперыя» (ням.: Deutsches Reich).

На працягу амаль усяго перыяду свайго існавання Свяшчэнная Рымская імперыя была адзіным дзяржаўным утварэннем у Заходняй Еўропе, манарх якога насіў тытул імператара, таму яе часта называлі проста «Імперыяй». У XIX стагоддзі, пасля ўтварэння Германскай і Аўстрыйскай імперый, у адносінах да іх папярэдніцы стала выкарыстоўвацца назва «Старая імперыя». У сувязі з тым, што для наймення нацысцкага рэжыму ў Германіі 19331945 гг. неафіцыйна выкарыстоўваўся тэрмін «Трэці рэйх», у дачыненні да Свяшчэннай Рымскай імперыі часам выкарыстоўваецца абазначэнне «Першы рэйх».

Утварэнне імперыі

[правіць | правіць зыходнік]

Ідэя імперыі (лац.: imperium), адзінай дзяржавы, якае аб'ядноўвае ўвесь цывілізаваны і хрысціянскі свет, узыходзіла да часоў Старажытнага Рыма і перажыла другое нараджэнне пры Карле Вялікім, захоўвалася і пасля крушэння Франкскай імперыі Каралінгаў. Імперыя ў грамадскай свядомасці ўяўлялася як зямное ўвасабленне Царства Божага, найлепшая мадэль арганізацыі дзяржавы, пры якой кіраўнік падтрымлівае мір і спакой у хрысціянскіх краінах, ахоўвае і клапоціцца пра росквіт царквы, а таксама арганізуе абарону ад знешніх пагроз. Раннесярэдневяковая канцэпцыя імперыі прадугледжвала яднанне дзяржавы і царквы і цеснае ўзаемадзеянне імператара і Папы Рымскага, якія ўвасаблялі вярхоўную свецкую і духоўную ўладу. Хоць сталіцай імперыі Карла Вялікага быў Ахен, імперская ідэя была звязана першым чынам з Рымам, цэнтрам заходняга хрысціянства і, паводле «Канстанцінава дара», крыніцай палітычнай улады ва ўсёй Еўропе[5].

Пасля распаду дзяржавы Карла Вялікага ў сярэдзіне IX стагоддзя тытул імператара захаваўся, аднак рэальная ўлада яго носьбіта абмежавалася толькі Італіяй, за выключэннем некалькіх выпадкаў кароткачасовага аб'яднання ўсіх франкскіх каралеўстваў. Апошні рымскі імператар, Берэнгар Фрыўльскі, сканаў у 924 годзе. Пасля яго смерці ўладу над Італіяй на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў аспрэчвалі прадстаўнікі некалькіх арыстакратычных родаў Паўночнай Італіі і Бургундыі. У самым Рыме Папскі Прастол аказаўся пад поўным кантролем мясцовага патрыцыяту. Крыніцай адраджэння імперскай ідэі ў сярэдзіне X стагоддзя стала Германія.

Свяшчэнная Рымская імперыя ў X стагоддзі

У кіраванне Генрыха I Птушкалова (919936) і асабліва Атона I (936973) Германскае каралеўства значна ўзмацнілася. У склад дзяржавы ўвайшла багатая Латарынгія з былой імперскай сталіцай Каралінгаў Ахенам, былі адбіты набегі венграў (бітва на рацэ Лех 955 г.), пачалася актыўная экспансія ў бок славянскіх зямель Палаб'я і Мекленбурга. Прычым заваяванне суправаджалася энергічнай місіянерскай дзейнасцю ў славянскіх краінах, Венгрыі і Даніі. Царква ператварылася ў галоўную апору каралеўскай улады ў Германіі. Племянныя герцагствы, якія складалі аснову тэрытарыяльнай структуры Усходнефранкскага каралеўства, пры Атоне I былі падпарадкаваны цэнтральнай уладзе. Да пачатку 960-х гадоў Атон стаў найбольш магутным кіраўніком сярод усіх дзяржаў-спадчынніц імперыі Карла Вялікага і набыў рэпутацыю заступніка хрысціянскай царквы[6].

У 961 годзе Папа Рымскі Ян XII звярнуўся да Атона з просьбай абараніць ад караля Італіі Берэнгара II Іўрэйскага і паабяцаў яму імператарскую карону. Атон неадкладна перайшоў Альпы, атрымаў перамогу над Берэнгарам і быў прызнаны каралём лангабардаў (Італіі), а затым рушыў у Рым. 2 лютага 962 года Атон I быў памазаны на царства і каранаваны імператарам[7]. Гэта дата лічыцца датай утварэння Свяшчэннай Рымскай імперыі. Хоць сам Атон Вялікі, відавочна, не намерваўся засноўваць новую імперыю і разглядаў сябе выключна як пераемніка Карла Вялікага, фактычна пераход імператарскай кароны да германскіх манархаў азначаў канчатковае адасабленне Усходнефранкскага каралеўства (Германіі) ад Заходнефранкскага (Францыі) і фарміраванне новага дзяржаўнага ўтварэння на аснове нямецкіх і паўночнаітальянскіх тэрыторый, якое выступала спадчыннікам Рымскай імперыі і прэтэндавала на ролю заступніка хрысціянскай царквы.

Імперыя ў Сярэднявеччы

[правіць | правіць зыходнік]

Кіраванне Атонаў і барацьба за інвестытуру

[правіць | правіць зыходнік]

Імператарскі тытул, прыняты Атонам Вялікім, ставіў яго на ступень вышэй за ўсіх еўрапейскіх манархаў і, прынамсі, нараўне з Папам Рымскім. Асаблівае значэнне меў свяшчэнны характар гэтага тытула, які дазваляў Атону I і яго пераемнікам цалкам кантраляваць царкоўныя інстытуты ў сваіх уладаннях[8]. Выбары біскупаў і абатаў ажыццяўляліся па ўказанню імператара, і яшчэ да пасвячэння царкоўныя іерархі прыносілі яму клятву вернасці і ленную прысягу. Царква была ўключана ў свецкую структуру імперыі і ператварылася ў адну з галоўных апор імператарскай улады і адзінствы краіны. Гэта выразна выявілася ўжо ў перыяд кіравання Атона II (973983) і падчас непаўналецця Атона III (9831002), калі дзякуючы падтрымцы вышэйшага духавенства Германіі імператарам удалося задушыць некалькі буйных паўстанняў кіраўнікоў племянных герцагстваў. Сам Папскі Прастол пры Атонах аказаўся пад уплывам імператараў, якія часта аднаасобна вырашалі пытанні прызначэння і зняцця Рымскіх Пап. У гэты перыяд свецкія і духоўныя справы не былі выразна аддзелены адны ад адных, і імператар, як «намеснік Бога на зямлі», ажыццяўляў уладу над абедзвюма сферамі. Уключэнне царквы ў дзяржаўную структуру дасягнула свайго апагею пры Конрадзе II (10241039) і Генрыху III (10391056), калі сфарміравалася класічная імперская царкоўная сістэма (ням.: Reichskirchensystem).

Хрыстос карануе імператара Генрыха II і яго жонку Кунігунду. Унізе: алегорыі Германіі, Галіі і Рыма

Дзяржаўныя інстытуты імперыі ў ранні перыяд заставаліся досыць слаба раздзеленымі. Імператар быў адначасова каралём Германіі, Італіі, а пасля смерці ў 1032 годзе апошняга бургундскага караля Рудольфа III — і Бургундыі[9]. Асноўнай палітычнай адзінкай у Германіі з'яўляліся племянныя герцагствы: Саксонія, Баварыя, Франконія (існавала нядоўга), Швабія, Латарынгія (апошняя ў 965 годзе была падзелена на Ніжнюю і Верхнюю) і, з 976 года, Карынтыя (аддзелена ад Баварыі)[10]. Уздоўж усходняй мяжы была створана сістэма марак (Паўночная, Саксонская Усходняя, Баварская Усходняя, пазней — Мейсенская, Брандэнбургская, Лужыцкая). У 980-х гадах славяне на некаторы час ізноў адкінулі немцаў за Эльбу і захапілі Гамбург, але ў пачатку XI стагоддзя імперыя аднавіла свае пазіцыі ў рэгіёне, хоць далейшае прасоўванне на ўсход спынілася з-за ўваходжання Польшчы і Венгрыі на правах незалежных каралеўстваў у еўрапейскую хрысціянскую супольнасць. У Італіі былі таксама сфарміраваны маркі (Таскана, Верона, Іўрэя), аднак развіццё камунальнага руху к пачатку XII стагоддзя разбурыла гэту структуру.

Галоўную праблему для імператараў уяўляла ўтрыманне ўлады адначасова і на поўнач, і на поўдзень ад Альпаў. Атон II, Атон III і Конрад II былі вымушаны падоўгу знаходзіцца ў Італіі, дзе яны вялі барацьбу супраць наступлення арабаў і візантыйцаў, а таксама перыядычна душылі хваляванні італьянскага патрыцыяту, аднак канчаткова зацвердзіць імперскую ўладу на Апенінскім паўвостраве так і не атрымалася. За выключэннем кароткага валадарання Атона III, які перанёс сваю рэзідэнцыю ў Рым, ядром імперыі заўсёды заставалася Германія.

Да кіравання Конрада II (10241039), першага манарха Салічнай дынастыі, адносіцца фарміраванне саслоўя дробных рыцараў (у тым ліку міністэрыялаў), чые правы імператар гарантаваў у сваёй пастанове «Constitutio de feudis» 1036 года, якая лягла ў аснову імперскага леннага права. Дробнае і сярэдняе рыцарства ў далейшым стала адным з галоўных носьбітаў тэндэнцый аб'яднання ў імперыі. Конрад II і яго пераемнік Генрых III кантралявалі вялікую частку нямецкіх рэгіянальных княстваў, самастойна прызначаючы графаў і герцагаў, і цалкам панавалі над тэрытарыяльнай арыстакратыяй і духавенствам. Гэта дазволіла ўвесці ў імперскае права інстытут «Божага міру» — забарона міжусобных войн і ваенных канфліктаў унутры імперыі.

Апагей імперскай улады, дасягнуты пры Генрыху III, аказаўся недаўгавечным: ужо ў перыяд непаўналецця Генрыха IV (10561106) пачалося падзенне ўплыву імператара. Гэта адбывалася на фоне ўздыму клюнійскага руху ў царкве і развітых з яго ідэй грыгарыянскай рэформы, якія зацвярджалі вяршэнства Папы Рымскага і поўную незалежнасць царкоўнай улады ад свецкай. Папа Грыгорый VII паспрабаваў ліквідаваць магчымасць уплыву імператара на працэс замяшчэння царкоўных пасад і асудзіў практыку свецкай інвестытуры. Аднак Генрых IV рашуча паўстаў у абарону прэрагатыў імператара, што выклікала працяглую барацьбу за інвестытуру паміж імператарам і Папам Рымскім. У 1075 годзе прызначэнне Генрыхам IV біскупа ў Мілан стала зачэпкай для адлучэння імператара Грыгорыем VII ад царквы і вызвалення падданых ад прысягі вернасці. Пад ціскам нямецкіх князёў імператар быў вымушаны ў 1077 годзе здзейсніць пакаяннае «хаджэнне ў Каносу» і маліць Папу аб прабачэнні[11]. Барацьба за інвестытуру завяршылася толькі ў 1122 годзе падпісаннем Вормскага канкардата, які замацаваў кампраміс паміж свецкай і духоўнай уладай: выбары біскупаў павінны былі адбывацца свабодна і без сіманіі, аднак свецкая інвестытура на зямельныя ўладанні, а тым самым і магчымасць імператарскага ўплыву на прызначэнне біскупаў і абатаў, захоўвалася. У цэлым, барацьба за інвестытуру істотна аслабіла кантроль імператара над царквой, вывела Папства з імперскай залежнасці і спрыяла ўздыму ўплыву тэрытарыяльных свецкіх і духоўных князёў[12].

Эпоха Гогенштаўфенаў

[правіць | правіць зыходнік]
Помнік Фрыдрыху Барбаросе на гары Кіфхаўзер

У другой чвэрці XII стагоддзя ў цэнтры палітычнага жыцця імперыі аказалася суперніцтва паміж двума магутнымі княжацкімі родамі Германіі — Гогенштаўфенамі і Вельфамі. Першыя панавалі ў паўднёва-заходняй Германіі (Швабія, Эльзас) і Франконіі. Вельфы былі кіраўнікамі Баварыі, Саксоніі, Тасканы і, нароўні з Альбрэхтам Мядзведзем, развівалі экспансію ў кірунку славянскіх зямель Мекленбурга, Памор'я і Паэльб'я. У 1138 годзе імператарам быў выбраны Конрад III Гогенштаўфен, аднак узброенае процістаянне Вельфаў і Гогенштаўфенаў працягвалася практычна на працягу ўсяго яго кіравання.

Пасля смерці Конрада III у 1152 годзе імператарам стаў яго пляменнік Фрыдрых I Барбароса, валадаранне якога стала перыядам значнага ўзмацнення цэнтральнай улады ў Германіі і, па меркаванню многіх гісторыкаў, вяршыняй магутнасці Свяшчэннай Рымскай імперыі. Галоўным кірункам палітыкі Фрыдрыха I стала аднаўленне імператарскай улады ў Італіі. Фрыдрых здзейсніў шэсць паходаў у Італію, падчас першага з якіх быў каранаваны ў Рыме імператарскай каронай. На Ранкальскім сойме 1158 года была прадпрынята спроба юрыдычнага афармлення ўсеўладдзя імператара ў Італіі і Германіі. Узмацненне імператара на Апенінскім паўвостраве выклікала супраціўленне як Папы Рымскага Аляксандра III і Сіцылійскага каралеўства, так і паўночнаітальянскіх гарадскіх камун, якія ў 1167 годзе аб'ядналіся ў Ламбардскую лігу. Ламбардскай лізе ўдалося арганізаваць эфектыўны адпор планам Фрыдрыха I у адносінах да Італіі і ў 1176 годзе нанесці знішчальнае паражэнне імперскім войскам у бітве пры Леньяна, што вымусіла імператара ў 1187 годзе прызнаць аўтаномію гарадоў. У самой Германіі пазіцыі імператара значна ўмацаваліся дзякуючы раздзелу ўладанняў Вельфаў у 1181 годзе і фарміраванню досыць буйнага дамена Гогенштаўфенаў. У канцы жыцця Фрыдрых I адправіўся ў Трэці крыжовы паход, падчас якога і загінуў у 1190 годзе[13].

Сыну і пераемніку Фрыдрыха Барбаросы Генрыху VI у серыі ваенных аперацый удалося яшчэ больш пашырыць тэрытарыяльныя ўладанні імператара, падпарадкаваўшы Сіцылійскае каралеўства. Менавіта ў гэтай дзяржаве Гогенштаўфены змаглі стварыць цэнтралізаваную спадчынную манархію з моцнай каралеўскай уладай і развітай бюракратычнай сістэмай, тады як ва ўласна нямецкіх землях узмацненне рэгіянальных князёў не дазволіла не толькі замацаваць самадзяржаўную сістэму кіравання, але і забяспечыць спадчынную перадачу імператарскага прастола. Пасля смерці Генрыха VI у 1197 годзе было выбрана адразу два рымскія каралі: Філіп Швабскі і Атон IV Браўншвайгскі, — што прывяло да міжусобнай вайны ў Германіі.

Імператар Фрыдрых II

У 1220 годзе імператарам быў каранаваны Фрыдрых II Гогенштаўфен, сын Генрыха VI і кароль Сіцыліі, які аднавіў палітыку Гогенштаўфенаў па ўсталяванню імперскага панавання ў Італіі. Ён пайшоў на жорсткі канфлікт з Папам Рымскім, быў адлучаны ад царквы і абвешчаны антыхрыстам, але тым не менш распачаў крыжовы паход у Палесціну і быў выбраны каралём Іерусаліма. У кіраванне Фрыдрыха II у Італіі разгарнулася барацьба гвельфаў, прыхільнікаў Папы Рымскага, і гібелінаў, якія падтрымлівалі імператара, якая развівалася з пераменным поспехам, але ў цэлым досыць удала для Фрыдрыха II: яго войскі кантралявалі вялікую частку Паўночнай Італіі, Таскану і Раманью, не гаворачы пра спадчынныя ўладанні імператара ў Паўднёвай Італіі. Засяроджанасць на італьянскай палітыцы, аднак, вымусіла Фрыдрыха II пайсці на істотныя саступкі нямецкім князям. Пагадненнем з князямі царквы 1220 года і Пастановай на карысць князёў 1232 года за біскупамі і свецкімі князямі Германіі былі прызнаны суверэнныя правы ў рамках тэрыторыі іх уладанняў. Гэтыя дакументы сталі прававой асновай для фарміравання ў складзе імперыі паўнезалежных спадчынных княстваў і пашырэння ўплыву рэгіянальных кіраўнікоў на шкоду прэрагатывам імператара[14].

Крызіс позняга Сярэднявечча

[правіць | правіць зыходнік]
Свяшчэнная Рымская імперыя ў XIV стагоддзі і ўладанні кіруючых дынастый (Люксембургі, Вітэльсбахі, Габсбургі)

Пасля спынення дынастыі Гогенштаўфенаў у 1250 годзе ў Свяшчэннай Рымскай імперыі пачаўся працяглы перыяд міжцарства (12541273). Але і пасля яго пераадолення і ўзыходжання на прастол у 1273 годзе Рудольфа I Габсбурга значэнне цэнтральнай улады працягвала спадаць, а роля кіраўнікоў рэгіянальных княстваў — узрастаць. Хоць манархі і прадпрымалі спробы аднавіць былую магутнасць імперыі, на першы план выйшлі дынастычныя інтарэсы: выбраныя каралі першым чынам імкнуліся максімальна пашырыць уладанні сваіх сямей: Габсбургі замацаваліся ў аўстрыйскіх землях, Люксембургі — у Чэхіі, Маравіі і Сілезіі, Вітэльсбахі — у Брандэнбургу, Галандыі і Генегау. Іменна ў позняе Сярэднявечча прынцып выбарнасці імператара набыў рэальнае ўвасабленне: на працягу другой паловы XIII — канца XV стагоддзяў імператар сапраўды выбіраўся з некалькіх кандыдатаў, а спробы перадачы ўлады па спадчыне звычайна не мелі поспеху. Рэзка ўзрос уплыў буйных тэрытарыяльных князёў на палітыку імперыі, прычым сем найбольш магутных князёў прысвоілі сабе выключнае права абрання і зняцця імператара[15]. Гэта суправаджалася ўмацаваннем сярэдняга і дробнага дваранства, распадам імператарскага дамена Гогенштаўфенаў і ростам феадальных усобіц.

У той жа час у Італіі канчаткова перамог гвельфізм, і імперыя страціла ўплыў на Апенінскім паўвостраве. На заходніх межах узмацнілася Францыя, якой удалося вывесці з-пад уплыву імператара землі былога Бургундскага каралеўства. Некаторае ажыўленне імперскай ідэі ў перыяд кіравання Генрыха VII, які здзейсніў у 13101313 гадах экспедыцыю ў Італію і ўпершыню пасля Фрыдрыха II каранаваўся імператарскай каронай у Рыме, было, аднак, недаўгавечным: пачынаючы з канца XIII стагоддзя Свяшчэнная Рымская імперыя ўсё больш абмяжоўвалася выключна нямецкімі землямі, ператвараючыся ў нацыянальнае дзяржаўнае ўтварэнне нямецкага народа. Паралельна ішоў таксама працэс вызвалення імперскіх устаноў з-пад улады Папства: у перыяд Авіньёнскага паланення Пап роля Рымскага Папы ў Еўропе рэзка зменшылася, што дазволіла германскаму каралю Людвігу Баварскаму, а ўслед за ім і буйным рэгіянальным нямецкім князям, выйсці з падпарадкавання рымскаму прастолу.

Сем курфюрстаў абіраюць Генрыха VII імператарам

Падтрыманне прэстыжу і захаванне магчымасці правядзення незалежнай палітыкі ва ўмовах умацавання рэгіянальных княстваў і ўзмацнення суседніх дзяржаў імператарам XIV стагоддзя дазваляла апора на ўласныя спадчынныя ўладанні: Аўстрыю і верхнешвабскія землі пры імператарах з дому Габсбургаў, Баварыю і Пфальц пры Людвігу IV і ўладанні Чэшскай кароны пры Люксембургах. У гэтых адносінах паказальна валадаранне Карла IV (13461378), у перыяд кіравання якога цэнтр імперыі перамясціўся ў Прагу. Карлу IV удалося правесці важную рэформу канстытуцыйнага ладу імперыі: Залатой булай імператара 1356 года была заснавана калегія курфюрстаў з 7 членаў, у склад якой увайшлі архібіскупы Кёльна, Майнца, Трыра, кароль Чэхіі, курфюрст Пфальца, герцаг Саксоніі і маркграф Брандэнбурга. Члены калегіі курфюрстаў атрымалі выключнае права абрання імператара і фактычна вызначаць кірункі палітыкі імперыі, за курфюрстамі было таксама прызнана права ўнутранага суверэнітэту, што замацавала раздробленасць нямецкіх дзяржаў. У той жа час быў ліквідаваны ўсякі ўплыў Папы на выбары імператара.

Крызісныя настроі ў імперыі ўзмацніліся пасля эпідэміі чумы 13471350 гадоў, якая прывяла да рэзкага падзення колькасці насельніцтва і нанесла адчувальны ўдар па эканоміцы Германіі. У той жа час другая палова XIV стагоддзя адзначылася ўздымам паўночнанямецкага саюза гандлёвых гарадоў Ганзы, якая ператварылася ў важны фактар міжнароднай палітыкі і набыла значны ўплыў у скандынаўскіх дзяржавах, Англіі і Прыбалтыцы. У паўднёвай Германіі гарады таксама ператварыліся ва ўплывовую палітычную сілу, якая выступіла супраць князёў і рыцараў, аднак у серыі ваенных канфліктаў канца XIV стагоддзя Швабскі і Рэйнскі саюзы гарадоў пацярпелі паражэнне ад войскаў імперскіх князёў.

Свяшчэнная Рымская імперыя каля 1400 года.

У пачатку XV стагоддзя рэзка абвастрыліся царкоўна-палітычныя праблемы ва ўмовах Расколу каталіцкай царквы і ўздыму канцыларысцкага руху. Функцыю абаронца царквы ўзяў на сябе імператар Жыгімонт, які здолеў аднавіць адзінства рымскай царквы і прэстыж імператара ў Еўропе. Аднак у самой імперыі прыйшлося весці працяглую барацьбу з гусіцкай ерассю, якая ахапіла зямлі чэшскай кароны, а спроба імператара знайсці апору ў гарадах і імперскіх рыцарах (праграма «Трэцяй Германіі»[K 3]) правалілася з-за вострых рознагалоссяў паміж гэтымі саслоўямі. Таксама не ўдалося спыніць узброеныя канфлікты паміж суб'ектамі імперыі.

Пасля смерці Жыгімонта ў 1437 годзе на прастоле Свяшчэннай Рымскай імперыі ўстанавілася дынастыя Габсбургаў, прадстаўнікі якой, за адным выключэннем[K 4], працягвалі валадарыць у імперыі да яе роспуску. К канцу XV стагоддзя імперыя знаходзілася ў глыбокім крызісе, выкліканым неадпаведнасцю яе інстытутаў патрабаванням часу, развалам ваеннай і фінансавай арганізацыі і фактычным вызваленнем рэгіянальных княстваў ад улады імператара. У княствах пачалося фарміраванне ўласнага апарата кіравання, ваеннай, судовай і падатковай сістэм, узніклі саслоўныя прадстаўнічыя органы ўлады (ландтагі). Пры Фрыдрыху III (14401493) імператар аказаўся ўцягнуты ў зацяжныя і малапаспяховыя войны з Венгрыяй, у той час як на іншых кірунках еўрапейскай палітыкі ўплыў імператара імкнулася да нуля. У той жа час падзенне ўплыву імператара ў імперыі спрыяла больш актыўнаму ўцягванню імперскіх саслоўяў у працэсы кіравання і фарміраванню ўсеімперскага прадстаўнічага органа — рэйхстага.

Сацыяльна-эканамічнае развіццё

[правіць | правіць зыходнік]

Тэрыторыі, якія ўваходзілі ў склад Свяшчэннай Рымскай імперыі ў Сярэднявеччы, рэзка адрозніваліся адна ад адной па насельніцтву, мове і ўзроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця. У Германіі ў XXI стст. панавала ворнае земляробства, плошча сельскагаспадарчых угоддзяў няўхільна павялічвалася за кошт масіраванага засваення пустэч і лясоў. Базавай гаспадарчай адзінкай быў свабодны ці паўзалежны селянін, які валодаў сваім надзелам на праве спадчыннай уласнасці. Працэсы феадалізацыі не былі завершаны: стройная феадальная іерархія не склалася, а пры падтрымцы імператараў сфарміраваўся досыць шырокі пласт дробных і сярэдніх рыцараў і міністэрыялаў, якія слаба залежалі ад тэрытарыяльных князёў. Асаблівы ўплыў як у Германіі, так і ў Італіі мела вышэйшае духавенства: біскупы і абаты збліжаліся па статусу з тэрытарыяльнымі князямі, мелі развіты адміністрацыйны апарат і кантралявалі шырокія вобласці імперыі. Запрыгоньванне сялянства адбывалася не так хутка, як у Францыі ці Англіі. У Італіі прагрэс гаспадаркі, у параўнанні з Германіяй, быў больш значным. Тут хутчэй развівалася сельская гаспадарка, для якой была характэрна разнастайнасць форм сялянскага землеўладання, аднак галоўным рухавіком эканомікі сталі гарады, пераўтвораныя ўжо да XII стагоддзя ў буйныя гандлёва-рамесныя цэнтры, якія спецыялізаваліся, галоўным чынам, на ткацтве, сукнаробстве і пасрэдніцкім гандлі[16]. Свецкая знаць у Італіі была досыць слабой і хутка саступіла вядучыя пазіцыі біскупам і вальвасарам, а з развіццём камунальнага руху — гарадскому патрыцыяту. Ажыўленне гандлю распаўсюдзілася таксама і на нямецкія вобласці, найперш на гарады ўздоўж Рэйна і Мааса, а таксама Гарц, дзе пачалася актыўная здабыча серабра. У выніку развіцця гарадоў у Германіі ў XI—XII стагоддзі пачалося фарміраванне саслоўя бюргерства сеньярыяльных і свабодных імперскіх гарадоў, аднак у адрозненне ад Францыі і Англіі саюз гараджан з цэнтральнай уладай практычна не склаўся.

У XIIXIII стагоддзях адбылося афармленне саслоўнай іерархіі ў імперыі, найперш слоя князёў, якія сталі спадчыннымі кіраўнікамі рэгіянальных княстваў, чый уплыў няўхільна ўзмацняўся і ўваходзіў у супярэчнасць з цэнтралізатарскай палітыкай імператараў з дому Гогенштаўфенаў, а таксама саслоўяў дробных імперскіх рыцараў, міністэрыялаў і бюргерства вольных гарадоў, пераўтвораных у галоўную апору імперскай улады. Тэмпы развіцця гандлю ў Германіі значна паскорыліся, што прывяло да масавага ўзнікнення і бурнага росту існуючых гарадскіх цэнтраў. Многім гарадам удалося выйсці з-пад улады феадалаў і дабіцца ўнутранай аўтаноміі[17]. Аднак узровень дабрабыту і незалежнасці нямецкіх свабодных гарадоў па-ранейшаму значна адставаў ад развіцця гарадскіх камун Італіі, якія ў гэты перыяд ператварыліся ў фактычна незалежныя дзяржаўныя ўтварэнні і сталі еўрапейскімі цэнтрамі марскога гандлю, рамёстваў і фінансавых аперацый. Багацце італьянскіх гарадоў стала адной з галоўных прычын бесперапыннай барацьбы за ўзмацненне ўлады імператара ў Паўночнай і Сярэдняй Італіі ў XII—XIII стагоддзях. У сельскай гаспадарцы рост прадуктыўнасці земляробства вёў, з аднаго боку, к узмацненню эксплуатацыі сялян і паступоваму пераходу да грашовай рэнты, а з іншага, спрыяў каланізацыі нямецкімі земляробамі слабазаселеных зямель на ўсходзе — Сілезіі, Чэхіі, Памор'і і Прыбалтыкі. Аграрная каланізацыя гэтых тэрыторый суправаджалася заснаваннем гарадоў на нямецкім гарадскім праве, а таксама экспансіяй феадалаў, узначаленай нямецкімі рыцарскімі ордэнамі (Тэўтонскі ордэн у Прусіі, Ордэн мечнікаў у Прыбалтыцы), у выніку чаго германскі ўплыў на ўсходзе пашырыўся да сучаснай Эстоніі[18] (ордэнскія дзяржавы ў Прыбалтыцы, аднак, юрыдычна не ўваходзілі ў склад імперыі).

У позняе Сярэднявечча, пасля страты імперыяй італьянскіх зямель, на першы план у эканамічным развіцці выйшлі ганзейскія гарады Паўночнай Германіі, якія засяродзілі ў сваіх руках гандаль паміж Скандынавіяй, Англіяй, Нідэрландамі, Прыбалтыкай і Ноўгарадам[19], а таксама тэкстыльныя цэнтры Нідэрландаў (Антверпен, Мехелен, Брусель) і Паўднёвай Германіі (рассеяныя мануфактуры Швабіі). Няўхільна павялічвалася значэнне здабычы і апрацоўкі металаў (Саксонія, Чэхія, Ціроль, Нюрнберг), прычым кантроль над горнаруднымі і металургічнымі прадпрыемствамі перайшоў да буйнага купецкага капіталу (Фугеры і інш.). Адным з найбуйнейшых фінансавых цэнтраў Еўропы стаў Аўгсбург. Эпідэмія «Чорнай смерці» 1348—1350 гадоў, у выніку якой у некаторых рэгіёнах колькасць насельніцтва знізілася больш чым у два разы, спыніла нямецкую аграрную каланізацыю ва ўсходнім кірунку і спрыяла адтоку прадукцыйных сіл з вёскі ў гарады. У сельскай гаспадарцы рост попыту на хлеб прывёў да павышэння таварнасці збожжавай вытворчасці ў Паўночнай Германіі, што суправаджалася ўзбуйненнем сялянскіх трыманняў на захадзе і ростам вотчыннай гаспадаркі на ўсходзе краіны. У Паўднёвай Германіі, дзе асноўнае значэнне мелі агародніцтва і жывёлагадоўля і панавала дробная сялянская гаспадарка, пачаўся актыўны наступ феадалаў на сялян, што выяўлялася ў павелічэнні паншчыны і натуральных павіннасцей, згонах сялян з зямлі і захопе абшчынных угоддзяў. Вынікам гэтага стала абвастрэнне сацыяльных праблем, што выявілася ў шэрагу сялянскіх паўстанняў (гусіцкія войны, рух «Чаравіка»).

Імперыя новага часу

[правіць | правіць зыходнік]

Імперская рэформа

[правіць | правіць зыходнік]
Пасяджэнне рэйхстага, заснаванага ў рамках імперскай рэформы. Гравюра Матэўса Мэрыяна Старэйшага, 1640.

К моманту смерці імператара Фрыдрыха III (1493) сістэма кіравання імперыяй знаходзілася ў глыбокім крызісе: у Германіі існавала некалькі сотняў дзяржаўных утварэнняў рознай ступені незалежнасці і з розным фінансавым і ваенным патэнцыялам, а рычагі ўплыву імператара на князёў імперыі аказаліся састарэлымі і неэфектыўнымі. Вялікія княствы вялі фактычна самастойную знешнюю палітыку, адначасова імкнучыся падпарадкаваць суседнія ўладанні рыцараў і імперскія гарады, якія складалі аснову ўзброеных сіл і бюджэту імперыі[20].

У 1495 годзе Максіміліян I склікаў у Вормсе ўсеагульны рэйхстаг Свяшчэннай Рымскай імперыі, на зацвярджэнне якога ён прадставіў праект рэформы дзяржаўнага кіравання імперыі. У выніку абмеркавання была прынята так званая «Імперская рэформа» (ням.: Reichsreform). Германія была падзелена на шэсць імперскіх акруг1512 годзе да іх былі дададзены яшчэ чатыры). Органам кіравання акругі стаў акруговы сход, у якім мелі права ўдзельнічаць усе дзяржаўныя ўтварэнні на тэрыторыі акругі: свецкія і духоўныя княствы, імперскія рыцары і вольныя гарады. Кожнае дзяржаўнае ўтварэнне мела адзін голас (у некаторых акругах гэта забяспечвала перавагу імперскіх рыцараў, дробных княстваў і гарадоў, якія складалі галоўную апору імператара). Акругі вырашалі пытанні ваеннага будаўніцтва, арганізацыі абароны, набору арміі, а таксама размеркавання і збірання імперскіх падаткаў. Велізарнае значэнне мела таксама стварэнне Вышэйшага імперскага суда — вярхоўнага органа судовай улады Германіі, які стаў адной з галоўных прылад уплыву імператара на тэрытарыяльных князёў і механізмам правядзення адзінай палітыкі ва ўсіх дзяржаўных утварэннях імперыі[21][22].

Аднак спробы Максіміліяна паглыбіць рэфармаванне імперыі і стварыць адзіныя органы выканаўчай улады, а таксама адзіную імперскую армію праваліліся: князі імперыі выступілі рэзка супраць і не дазволілі правесці праз рэйхстаг гэтыя прапановы імператара. Больш таго, імперскія саслоўі адмовіліся фінансаваць італьянскія кампаніі Максіміліяна I, што рэзка аслабіла пазіцыі імператара на міжнароднай арэне і ў самой імперыі. Усведамляючы слабасць інстытута імператарскай улады ў Германіі, Максіміліян I працягнуў палітыку сваіх папярэднікаў па адасабленню Аўстрыйскай манархіі ад імперыі: абапіраючыся на «Privilegium Maius» 1453 года, Максіміліян I у якасці эрцгерцага Аўстрыі адмовіўся ўдзельнічаць у фінансаванні імперскіх устаноў, не дазваляў спаганяць на аўстрыйскіх землях імперскія падаткі. Аўстрыйскія герцагствы не ўдзельнічалі ў працы імперскага рэйхстага і іншых агульных органаў. Аўстрыя фактычна была пастаўлена па-за імперыяй, яе незалежнасць была пашырана. Практычна ўся палітыка Максіміліяна I праводзілася, першым чынам, у інтарэсах Аўстрыі і дынастыі Габсбургаў, і толькі ў другую чаргу — Германіі[23][22].

Вялікае значэнне для канстытуцыі Свяшчэннай Рымскай імперыі мела таксама адмаўленне ад прынцыпу неабходнасці каранацыі імператара Папам Рымскім для ўзаконьвання яго правоў на тытул імператара. У 1508 годзе ён паспрабаваў здзейсніць экспедыцыю ў Рым для сваёй каранацыі, аднак не быў прапушчаны венецыянцамі, якія кантралявалі шляхі з Германіі ў Італію. 4 лютага 1508 года на святочнай цырымоніі ў Трыенце ён быў абвешчаны імператарам. Папа Юлій II, якому Максіміліян I быў вельмі неабходзен для стварэння шырокай кааліцыі супраць Венецыі, дазволіў яму карыстацца тытулам «выбранага імператара». У далейшым пераемнікі Максіміліяна I (акрамя Карла V) ужо не імкнуліся да каранацыі, а ў імперскае права ўвайшло палажэнне, што само абранне германскага караля курфюрстамі робіць яго імператарам[24].

Рэформы Максіміліяна былі працягнуты яго ўнукам Карлам V. У выніку Рэйхстаг ператварыўся ў перыядычна склікаемы орган заканадаўчай улады, які стаў цэнтрам ажыццяўлення імперскай палітыкі, да ўдзелу ў кіраванні імперыяй былі прыцягнуты, у рознай ступені, асноўныя сацыяльныя групы краіны (курфюрсты, імперскія князі, імперскія рыцары, гараджане), паміж якімі ўзнік устойлівы баланс улады. У аснову ўзаемадзеяння дзяржаўных утварэнняў унутры імперыі быў пакладзены прынцып «земскага міру» — узведзеная ў ранг закона забарона выкарыстання ваенных спосабаў вырашэння канфліктаў паміж суб'ектамі імперыі. Нарэшце была распрацавана сістэма фінансавання агульнаімперскіх выдаткаў, якая хоць і давала збоі з-за нежадання курфюрстаў уносіць сваю долю ў агульны бюджэт, усё ж такі давала імператарам магчымасць весці актыўную знешнюю палітыку і дазволіла адбіць турэцкую пагрозу ў пачатку XVI стагоддзя. Пры Карле V быў зацверджаны адзіны крымінальны кодэкс для ўсёй імперыі — «Constitutio Criminalis Carolina».

У выніку пераўтварэнняў канца XV — пачатку XVI стагоддзя імперыя набыла арганізаваную дзяржаўна-прававую сістэму, якая дазволіла ёй суіснаваць і паспяхова спаборнічаць з нацыянальнымі дзяржавамі новага часу. Хоць не ўсе органы новай імперыі працавалі досыць эфектыўна, яны дазвалялі падтрымліваць адзінства і адносны спакой у Германіі. Рэформы, аднак, не былі завершаны, і імперыя да канца свайго існавання працягвала заставацца сукупнасцю старых і новых інстытутаў і не набыла атрыбутаў адзінай дзяржавы.

Фарміраванне новай мадэлі арганізацыі Свяшчэннай Рымскай імперыі суправаджалася аслабленнем выбарнага прынцыпу абрання імператара. Пачынаючы з 1439 года на прастоле імперыі ўстанавілася дынастыя Габсбургаў — найбольш моцны ў тэрытарыяльным плане нямецкі род. Шырокія ўладанні Габсбургаў па-за імперыяй (сярод іх спадчынных зямель былі Чэхія, Маравія, Сілезія, Венгрыя, Харватыя і Іспанія) рэзка пашырылі эканамічную базу імператара і дазволілі замацаваць за дынастыяй Габсбургаў імперскую карону. Сталіцай Германіі фактычна стала Вена, у якой размяшчаўся двор імператара і падпарадкаваныя яму органы кіравання. Зрушэнне цэнтра ўлады ў імперыі на паўднёва-ўсходнюю перыферыю мела фундаментальнае значэнне для лёсу краіны ў перыяд новага часу.

Тытульны ліст першага выдання тэксту Аўгсбургскага рэлігійнага міру. Майнц, 1555

У выніку распачатай у 1517 годзе Рэфармацыі імперыя аказалася расколатай на лютэранскую поўнач і каталіцкі поўдзень. Пратэстанцтва ў першай палове XVI стагоддзя прынялі многія вялікія княствы (Саксонія, Брандэнбург, Курпфальц, Браўншвайг-Люнебург, Гесэн, Вюртэмберг), а таксама найважнейшыя імперскія гарады — Страсбург, Франкфурт, Нюрнберг, Гамбург, Любек. Каталіцкімі засталіся царкоўныя курфюрствы Рэйна, Браўншвайг-Вольфенбютэль, Баварыя, Аўстрыя, Латарынгія, Аўгсбург, Зальцбург і некаторыя іншыя дзяржавы. Канфесійны раскол імперыі ва ўмовах адраджэння прэтэнзій на гегемонію ў Еўропе імператара Карла V (Італьянскія войны), а таксама палітыкі цэнтралізацыі імперскіх інстытутаў, якую ён праводзіў, прывёў да абвастрэння ўнутранага становішча Германіі і нарастання канфлікту паміж саслоўямі імперыі і імператарам. Нявырашанасць царкоўнага пытання і правал спроб імператара дасягнуць кампрамісу па тэалагічных пытаннях на Аўгсбургскім рэйхстагу 1530 года выклікаў афармленне двух палітычных саюзаў у Германіі — пратэстанцкага Шмалькальдэнскага і каталіцкага Нюрнбергскага. Іх процістаянне вылілася ў Шмалькальдэнскую вайну 15461547 гадоў, якая ўзрушыла канстытуцыйныя асновы імперыі. Хоць Карл V атрымаў перамогу ў вайне, неўзабаве супраць яго згуртаваліся ўсе асноўныя палітычныя сілы імперыі, незадаволеныя ўніверсалізмам палітыкі Карла, які жадаў стварыць «сусветную імперыю» на аснове сваіх нямецкіх, аўстрыйскіх і іспанскіх уладанняў, і непаслядоўнасцю ў рашэнні царкоўных пытанняў. У 1555 годзе на рэйхстагу ў Аўгсбургу быў складзены Аўгсбургскі рэлігійны мір, які прызнаў лютэранства ў якасці легітымнай рэлігіі і гарантаваў свабоду веравызнання для імперскіх саслоўяў, па прынцыпу «чыя краіна, таго і вера» (лац.: cujus regio, ejus religio). Карл V адмовіўся падпісаць гэта пагадненне і неўзабаве склаў з сябе паўнамоцтвы імператара[25].

Аўгсбургскі рэлігійны мір дазволіў пераадолець крызіс, выкліканы Рэфармацыяй, і аднавіць працаздольнасць імперскіх інстытутаў. Хоць канфесійны раскол захаваўся, палітычна імперыя здабыла адзінства. На працягу наступнага паўвеку каталіцкія і пратэстанцкія суб'екты імперыі досыць эфектыўна супрацоўнічалі ў органах кіравання, што дазваляла падтрымліваць у Германіі мір і сацыяльны спакой.

Канфесійная эпоха і Трыццацігадовая вайна

[правіць | правіць зыходнік]

Адрачэнне Карла V і раздзел уладанняў Габсбургаў у 1556 годзе, у выніку якога Іспанія, Фландрыя і Італія дасталіся яго сыну Філіпу II, а аўстрыйскія землі і пост імператара — брату Фердынанду I, таксама спрыялі стабілізацыі становішча ў імперыі, бо адхілілі небяспеку прыходу да ўлады бескампраміснага каталіка Філіпа II. Фердынанд I, адзін з аўтараў Аўгсбургскага рэлігійнага міру і паслядоўны правадыр курсу на ўмацаванне імперыі праз цесны саюз з князямі і павышэнне эфектыўнасці функцыянавання імперскіх устаноў, па праву лічыцца фактычным заснавальнікам імперыі новага часу. Пераемнік Фердынанда I імператар Максіміліян II сам сімпатызаваў пратэстанцтву, і ў перыяд свайго кіравання (15641576) яму ўдавалася, абапіраючыся на імперскіх князёў абедзвюх канфесій, падтрымліваць у імперыі тэрытарыяльны і рэлігійны парадак, вырашаючы канфлікты пры дапамозе выключна прававых механізмаў імперыі. Галоўнымі тэндэнцыямі развіцця ў другой палове XVI — пачатку XVII стагоддзяў сталі дагматычнае і арганізацыйнае афармленне і адасабленне трох канфесій — каталіцызму, лютэранства і кальвінізму, і звязаная з гэтым канфесіяналізацыя ўсіх аспектаў сацыяльнага і палітычнага жыцця нямецкіх дзяржаў. У сучаснай гістарыяграфіі гэты перыяд атрымаў назву «Канфесійная эпоха» (ням.: Konfessionelles Zeitalter).

К канцу XVI стагоддзя, аднак, намеціліся разбуральныя тэндэнцыі, закладзеныя ў палавінчатасці ўмоў Аўгсбургскага міру. Яны былі звязаны, найперш, з тэрытарыяльна-палітычным пашырэннем радыкальнага кальвінізму (Курпфальц, Нідэрланды, Гесэн-Касель, Ангальт, Бадэн-Дурлах), варожа сустрэтага як лютэранамі, так і каталікамі, а таксама з Контррэфармацыяй, якая набірала моц пасля завяршэння Трыдэнцкага сабору. Пад уздзеяннем Контррэфармацыі пачалося праследаванне пратэстантаў у аўстрыйскіх землях і некаторых імперскіх гарадах, да каталіцкага веравызнання вярнуліся многія царкоўныя княствы і гарады заходняй і паўднёвай Германіі, а таксама Бадэн-Бадэн і Пфальц-Нойбург. Акрамя таго, афармленне пад уздзеяннем працэсаў канфесіяналізацыі арганізацыйных структур нямецкіх княстваў і пачатак фарміравання дзяржаў сучаснага тыпу ўваходзілі ў супярэчнасць з захаванымі імперскімі інстытутамі. Ужо ў 1588 годзе праца Імперскага суда была паралізавана, з пачатку XVII стагоддзя з-за канфліктаў паміж канфесіямі страціў працаздольнасць імперскі рэйхстаг.

Пражская дэфенестрацыя 1618 года

Становішча імператара Рудольфа II было сур'ёзна падарвана канфліктамі ўнутры Габсбургскага дому, няўдачамі ў аўстра-турэцкай вайне 1593—1606 гадоў і паўстаннем Іштвана Бочкаі, якое ўспыхнула ў Венгрыі. У 1608 годзе Рудольф II быў вымушаны адмовіцца ад Аўстрыі, Венгрыі і Маравіі, пакінуўшы за сабой толькі імператарскі тытул і Чэхію, якой ён падаў шырокую ўнутраную аўтаномію (Грамата Вялікасці, 1609), якая спрыяла развіццю радыкальных пратэстанцкіх плыней і абвастрэнню канфесійнага канфлікту. Аслабленне імператарскай улады і развал урадавых інстытутаў прывёў да фарміравання альтэрнатыўных структур: пратэстанцкія князі ў 1608 годзе арганізавалі Евангелічную унію, а каталікі ў 1609 годзе заснавалі Каталіцкую лігу. Процістаянне паміж канфесіямі няўхільна паглыблялася, пакуль у 1618 годзе ў Празе не ўспыхнула паўстанне супраць новага імператара і караля Чэхіі Фердынанда II. Мяцеж быў падтрыманы Евангелічнай уніяй, у канфлікт уключыліся прадстаўнікі абодвух канфесійных лагераў Германіі, а затым і замежныя дзяржавы, у выніку чаго пачалася Трыццацігадовая вайна[26].

Першапачаткова поспех у вайне спадарожнічаў імператару. У 1621 годзе Фрыдрых V, курфюрст Пфальца і лідар Евангелічнай уніі, быў пазбаўлены сваіх уладанняў і тытула курфюрста, які быў перададзены Максіміліяну I, герцагу Баварыі, главе Каталіцкай лігі. Разгром дацкіх войскаў у 16251626 гадах войскамі Валенштэйна і Цілі даў магчымасць імператару распачаць спробу палітычнай перабудовы імперыі. Рэстытуцыйны эдыкт 6 мая 1629 года скасоўваў секулярызацыю пратэстантамі дванаццаці біскупстваў і архібіскупстваў і каля двухсот манастыроў, а таксама гарантыі праў пратэстанцкіх меншасцей у каталіцкіх царкоўных землях. У выніку рэалізацыі палажэнняў эдыкта перавага ў імперыі перайшла да каталіцкай партыі, што выклікала рэзкі адпор як з боку пратэстанцкіх суб'ектаў імперыі, якія звярнуліся па дапамогу да Швецыі і Францыі, так і з боку каталіцкіх курфюрстаў, незадаволеных ушчамленнем імператарам іх правоў на ўдзел у кіраванні Германіяй. Гэта прывяло да абвастрэння канфлікту. Фердынанд II быў вымушаны распусціць армію Валенштэйна, а ў 1630 годзе на тэрыторыю імперыі ўварвалася шведская армія Густава II Адольфа, якая разграміла войскі Каталіцкай лігі і за некалькі гадоў акупіравала паўночную частку Германіі. Больш таго, у 1633 годзе быў створаны Гейльбранскі саюз пратэстанцкіх княстваў імперыі пад кіраўніцтвам Швецыі, што азначала разбурэнне імперскіх інстытутаў у Паўночнай Германіі і пагражала распадам імперыі. Аднак у 1634 годзе іспана-імперскай арміі ўдалося нанесці знішчальнае паражэнне шведам у бітве пры Нёрдлінгене і перайсці ў наступленне. У маі 1635 года паміж пратэстанцкімі і каталіцкімі суб'ектамі імперыі быў складзены Пражскі мір, у адпаведнасці з якім касаваліся ўсе саюзныя аб'яднанні на тэрыторыі Германіі, у тым ліку Каталіцкая ліга і Гейльбранскі саюз, увядзенне ў дзеянне Рэстытуцыйнага эдыкта адкладалася на сорак гадоў, а ўсе нямецкія князі, незалежна ад канфесійнай прыналежнасці, абавязваліся аб'яднаць свае ваенныя кантынгенты з арміяй імперыі для сумеснай барацьбы са шведамі. Ізноў склаўся саюз вядучых нямецкіх дзяржаў (у тым ліку Саксоніі, Брандэнбурга і Баварыі) з імператарам, працэсы распаду былі спынены.

Убаку ад Пражскага міру засталіся радыкальныя кальвінісцкія княствы на чале з Гесэн-Каселем. У той жа час, умацаванне імперыі моцна занепакоіла Францыю. У маі 1635 года Францыя ўступіла ў вайну на баку шведаў. Першапачаткова імперыі ўдавалася стрымліваць франка-шведскі наступ, аднак у 1639 годзе адбыўся пералом — французы прадраліся ў Швабію, а Пражская сістэма пачала распадацца: у 1640 годзе з вайны выйшаў Брандэнбург, у 1642 годзе была разгромлена Саксонія. У 1645 годзе пачаліся мірныя перагаворы паміж імператарам, Францыяй, Іспаніяй і Швецыяй пры актыўным удзеле імперскіх саслоўяў у Мюнстэры і Оснабруку. Іх ход вызначаўся развіццём ваенных дзеянняў: у 1647 годзе капітулявала Баварыя, у 1648 годзе шведы захапілі частку Прагі, а Іспанія была вымушана прызнаць незалежнасць Нідэрландаў. У кастрычніку 1648 года быў складзены Вестфальскі мір, які паклаў канец Трыццацігадовай вайне і кардынальным чынам пераўтварыў Свяшчэнную Рымскую імперыю[27].

Вестфальскі мір

[правіць | правіць зыходнік]
Свяшчэнная Рымская імперыя пасля Вестфальскага міру 1648 года

Умовы Вестфальскага мірнага дагавора мелі фундаментальнае значэнне для Свяшчэннай Рымскай імперыі. У тэрытарыяльным плане дагавор замацаваў страту імперыяй Швейцарыі і Нідэрландаў, якія былі прызнаны незалежнымі дзяржавамі. У самой імперыі значныя землі патрапілі пад уладу замежных дзяржаў: Швецыя атрымала Пярэднюю Памеранію і землі былых біскупстваў Брэмена і Фердэна, Францыя — большую частку Эльзаса, Брэйзах і Філіпсбург. Была таксама пацверджана секулярызацыя царкоўных зямель у Паўночнай Германіі. У канфесійным плане была прызнана роўнасць на тэрыторыі імперыі каталіцкай, лютэранскай і кальвінісцкай цэркваў, замацавана права свабоды пераходу з адной рэлігіі ў іншую для імперскіх саслоўяў і гарантаваліся свабода веравызнання для рэлігійных меншасцей і права на эміграцыю. Пры гэтым былі строга зафіксаваны канфесійныя межы і ўстаноўлена, што пераход кіраўніка княства ў іншую рэлігію не павінен быў суправаджацца зменай канфесіі яго падданых. У арганізацыйным плане Вестфальскі мір прынёс кардынальную рэформу парадку функцыянавання органаў улады імперыі: рэлігійныя праблемы былі аддзелены ад адміністрацыйна-прававых пытанняў і для іх рашэння ў рэйхстагу і імперскім судзе быў уведзены прынцып канфесійнага парытэту: кожнай канфесіі давалася роўная колькасць галасоў, што аднавіла эфектыўнасць працы рэйхстага і суда. Вестфальскі мір таксама пераразмяркоўваў паўнамоцтвы паміж уладнымі інстытутамі ўнутры імперыі: бягучыя пытанні, у тым ліку заканадаўства, судовая сістэма, падаткаабкладанне, ратыфікацыя мірных пагадненняў, былі перададзены ў кампетэнцыю рэйхстага, які станавіўся пастаянна дзеючым органам. Гэта істотным чынам змяняла баланс сіл паміж імператарам і саслоўямі на карысць апошніх. У той жа час, хоць афіцыйна прызнаваліся і замацоўваліся правы і прывілеі саслоўяў («тэрытарыяльнае права саслоўяў», лац.: jus territoriale), імперскія чыны не ператвараліся ў носьбітаў дзяржаўнага суверэнітэту: імперскія княствы заставаліся пазбаўленымі шэрага атрыбутаў сучаснай незалежнай дзяржавы і не маглі заключаць міжнародныя дагаворы, якія ўваходзілі б у супярэчнасць з інтарэсамі імператара ці імперыі.

Да канца XX стагоддзя Вестфальскі мір ацэньваўся большасцю гісторыкаў як дагавор, які замацаваў нацыянальны і рэлігійны раскол Германіі, рэзка абмежаваў прэрагатывы імператара на карысць тэрытарыяльных княстваў і прадвызначыў наступны заняпад і распад імперыі. Вынікі Вестфальскага міру для Германіі разглядаліся як перамога партыкулярызму над цэнтраімклівымі сіламі кароны і поўнае вызваленне князёў ад улады імператара, якае пацягнула палітычную раздробленасць імперыі. Паводле выказвання буйнога нямецкага гісторыка канца XX стагоддзя Фолькера Прэса, «тэндэнцыі Вестфальскага міру ператваралі імперыю ў Імперыю князёў, сярод якіх імператар у будучыні быў бы не больш чым „першым сярод роўных“»[28]. Станоўчым момантам, паводле меркавання вучоных, было толькі выкараненне канфесійнай правасвядомасці і зараджэнне сучаснага міжнароднага права, заснаванага на суверэнітэце дзяржаў і незалежных ад рэлігійнай прыналежнасці суб'ектаў права.

У апошні час, аднак, адбываецца пераасэнсаванне ролі Вестфальскага міру для лёсу імперыі. Асаблівая ўвага надаецца аднаўленню асноўных структур імперыі, якія прыйшлі ў заняпад падчас Трыццацігадовай вайны, і, найперш, усесаслоўнага рэйхстага, які ператварыўся ў цэнтр працэсаў аб'яднання і апору ўсяго імперскага ладу. Сучасныя гісторыкі ўжо не разглядаюць Вестфальскі дагавор як адназначны трыумф сепаратызму і крах імперскага адзінаначалля. Наадварот, «захаваная прававая прастора адкрывала імператару шлях да вяртання ў імперыю»[29]; іграючы на супярэчнасцях саслоўяў і карыстаючыся прынцыпам канфесійнага парытэту, імператар змог выступаць у якасці нейтральнага боку, які аб'ядноўваў імперыю. Імперскія саслоўі не дабіліся суверэнітэту і засталіся ў прававым полі імперыі, каштоўнасць якой толькі павялічылася. Вестфальскі мір у пэўным сэнсе разглядаецца як развіццё і ўдасканаленне прынцыпаў, закладзеных імперскай рэформай 1495 года і Аўгсбургскім дагаворам 1555 года. Мір не прынёс ні раздробленасці, ні княжацкага абсалютызму, а спрыяў нацыянальнаму згуртаванню нямецкага народа і замацоўваў становішча status quo, перашкаджаючы анексіі малых уладанняў і дэспатычным формам кіравання. Вестфальскі мір не рабіў імперыю аморфнай, але гарантаваў ёй далейшае жыццё ў замацаванай форме[30].

Імперыя ў другой палове XVII — сярэдзіне XVIII стагоддзяў

[правіць | правіць зыходнік]
Імператар Леапольд I

Паражэнне ў Трыццацігадовай вайне пазбавіла імперыю вядучай ролі на еўрапейскай палітычнай сцэне, якая перайшла да Францыі. Новы імператар Леапольд I, працягваючы традыцыйную палітыку падтрымкі Іспаніі, адначасова пачаў збліжацца з Англіяй і Галандыяй у сумеснай барацьбе супраць Францыі. Агрэсія Людовіка XIV прывяла да адарвання ад імперыі Франш-Кантэ і ўсяго Эльзаса, аднак у вайне Аўгсбургскай лігі (16881697) дзякуючы актыўным дзеянням саюзнікаў у Нідэрландах удалося даць адпор далейшаму прасоўванню французаў у кірунку прырэйнскіх зямель. Вайна за іспанскую спадчыну (17011714) стала рэваншам Габсбургаў за Трыццацігадовую вайну: французская гегемонія ў Заходняй Еўропе была зрынута, Паўднёвыя Нідэрланды, Неапаль і Мілан перайшлі пад уладу аўстрыйскіх Габсбургаў. На паўночным кірунку склаўся саюз Габсбургаў, Польшчы, Гановера і Брандэнбурга ў процістаянні Швецыі, у выніку чаго пасля Галандскай вайны (16721678) і Другой Паўночнай вайны (17001721) шведскае панаванне ў балтыйскім рэгіёне закончылася, а большасць яе ўладанняў на землях імперыі (Пярэдняя Памеранія, Брэмен і Фердэн) была падзелена паміж Брандэнбургам і Гановерам. Галоўнага поспеху Габсбургі дабіліся на паўднёва-ўсходнім кірунку: у серыі ваенных кампаній супраць Асманскай імперыі апошняй чвэрці XVII стагоддзя былі вызвалены Венгрыя, Трансільванія і паўночная Сербія, якія ўвайшлі ў склад Габсбургскай манархіі, што рэзка падняло палітычны прэстыж і эканамічную базу імператараў. Войны з Францыяй і Турцыяй канца XVII — пачала XVIII стагоддзяў выклікалі адраджэнне імперскага патрыятызму і зноў ператварылі імператарскі прастол у сімвал нацыянальнай агульнасці нямецкага народа[31].

Унутранае становішча імперыі непасрэдна пасля Трыццацігадовай вайны характарызавалася істотным абмежаваннем магчымасцей для ўплыву імператара: заходненямецкія княствы былі ў цесных саюзніцкіх адносінах з Францыяй, паўночныя арыентаваліся на Швецыю. Аднак усталяванне ў Пфальцы ў 1685 годзе каталіцкай лініі дынастыі Вітэльсбахаў і экспансіянісцкая палітыка Францыі дазволілі імператару Леапольду I аднавіць пазіцыі на захадзе краіны і згуртаваць вакол імперскага прастола прырэйнскія дзяржавы. Галоўнымі саюзнікамі імператарскага прастола ў гэтым рэгіёне сталі курфюрства Пфальц, Гесэн-Дармштат, Майнц і імперскія рыцары Вестфаліі, Сярэдняга Рэйна і Швабіі. У паўднёвых абласцях Германіі ў канцы XVII — пачатку XVIII стагоддзяў цалкам пераважала Баварыя, курфюрст якой сапернічаў у сваім уплыве з самім імператарам. У паўночнай частцы імперыі ва ўмовах узмацнення Брандэнбурга да больш цеснага саюза з Габсбургамі перайшла Саксонія, кіраўнік якой у 1697 годзе прыняў каталіцтва, а таксама Гановер, які дамогся для сябе дзявятага тытула курфюрста ў 1692 годзе. У працэсы ўмацавання імперыі быў уключаны і Брандэнбург: арыентацыя на імператара стала асновай палітыкі «Вялікага курфюрста», а яго сын у 1700 годзе атрымаў згоду Леапольда I на прыняцце тытула караля Прусіі[31].

Свяшчэнная Рымская імперыя ў 1705 г., карта «Германская імперыя» працы Нікаля дэ Фера, 1770.

Рэйхстаг з 1662 года ператварыўся ў пастаянна дзеючы орган, які засядаў у Рэгенсбургу. Яго праца адрознівалася дастатковай эфектыўнасцю і спрыяла захаванню адзінства імперыі. Актыўны ўдзел у працы рэйхстага прымаў імператар Леапольд I, які паслядоўна праводзіў палітыку аднаўлення ролі імперскага прастола і далейшую інтэграцыю саслоўяў. Вялікую ролю набыла прадстаўнічая функцыя імператарскага двара ў Вене, які ператварыўся ў цэнтр прыцягнення дваран з усёй Германіі, а сам горад — у галоўны цэнтр імперскага барока. Умацаванне пазіцый Габсбургаў у спадчынных землях, паспяховая палітыка дынастычных шлюбаў і раздачы тытулаў і пасад таксама значна спрыялі ўздыму ўплыву імператара. У той жа час працэсы кансалідацыі на імперскім узроўні накладваліся на рэгіянальную інтэграцыю: у найбуйнейшых нямецкіх княствах фарміраваўся ўласны разгалінаваны дзяржаўны апарат, пышны княжацкі двор, які згуртоўваў мясцовае дваранства, і ўзброеныя сілы, якія дазвалялі курфюрстам праводзіць больш незалежную ад імператара палітыку. У перыяд войн з Францыяй і Турцыяй значна павялічылася роля імперскіх акруг, якія з 1681 гады ўзялі на сябе функцыю набору арміі, збору імперскіх падаткаў і падтрымання сталых ваенных кантынгентаў у імперыі. Пазней склаліся асацыяцыі імперскіх акруг, што дазволіла арганізаваць больш эфектыўную абарону імперскіх меж[31].

Умацаванне імператарскай улады пры пераемніках Леапольда I прывяло да адраджэння абсалютысцкіх тэндэнцый. Ужо пры кіраванні Іосіфа I (17051711) імперскія справы фактычна перайшлі ў распараджэнне прыдворнай аўстрыйскай канцылярыі, а эрцканцлер і яго ведамства былі адхілены ад удзелу ў прыняцці рашэнняў. Падчас Вайны за іспанскую спадчыну (17011714) ізноў былі заяўлены прэтэнзіі імператараў на Паўночную і Сярэднюю Італію. Больш рашуча імператары сталі ўмешвацца і ва ўнутраныя справы нямецкіх княстваў, што выклікала ў адказ супраціўленне буйных суб'ектаў імперыі і іх адыход ад падтрымкі імператара. Пры Карле VI (17111740) палітыка імператара вызначалася, галоўным чынам, яго прэтэнзіямі на іспанскі прастол і праблемай наследавання габсбургскіх зямель (Прагматычная санкцыя, 1713 год), тады як імперскія праблемы аказаліся на перыферыі ўвагі. Гэта адбывалася ва ўмовах росту магутнасці буйных суб'ектаў імперыі (Баварыі, Прусіі, Саксоніі і Гановера), якія імкнуліся праводзіць уласную незалежную палітыку ў Еўропе, мала ўлічваючы інтарэсы імперыі і імператара. Так, імператар быў адціснуты ад дзяльбы былых шведскіх уладанняў у імперыі пасля Другой Паўночнай вайны, а ў канфлікце паміж каталікамі і пратэстантамі Пфальца ў 17191724 гадах супраць імператара рэзка выступіла кааліцыя нямецкіх евангелічных дзяржаў на чале з Прусіяй і Гановерам, што ледзь не выклікала ваенныя сутыкненні. Для Карла VI вялікім поспехам у імперскай палітыцы стала прызнанне рэйхстагам Прагматычнай санкцыі ў 1732 годзе, хоць курфюрсты Баварыі, Пфальца і Саксоніі прагаласавалі супраць. У цэлым, к сярэдзіне XVIII стагоддзя адзінства імперыі было істотна падарвана, буйныя нямецкія княствы практычна выйшлі з-пад кантролю імператара, тэндэнцыі распаду відавочна пераважалі над слабымі спробамі імператара захаваць баланс улады ў Германіі[32].

Аўстра-прускае процістаянне і заняпад імперыі

[правіць | правіць зыходнік]

Ужо з канца XVII стагоддзя ў рамках Свяшчэннай Рымскай імперыі пачаў выяўляцца антаганізм двух яе найбольш уплывовых членаў: Аўстрыі і Прусіі. Аўстрыйская манархія Габсбургаў, заваяваўшы Венгрыю і атрымаўшы пасля Вайны за іспанскую спадчыну шырокія ўладанні ў Італіі і Нідэрландах, усё больш адасаблялася ад імперыі, хоць іменна яе кіраўнікі займалі трон імператара. Інтарэсы Габсбургаў ляжалі найперш у паўднёва-ўсходнім і паўднёвым кірунках, у той час як унутрыімперскім справам з пачатку XVIII стагоддзя стала надавацца значна менш увагі. Больш таго, поспехі цэнтралізатарскай палітыкі ў спадчынных землях Габсбургі паспрабавалі перанесці і на імперыю, што сустрэла рэзкае непрыманне з боку імперскіх саслоўяў. Значная частка ўладанняў прускага караля таксама ляжала па-за тэрыторыяй імперыі, што дазваляла яму дзейнічаць на еўрапейскай палітычнай сцэне ў якасці незалежнага кіраўніка. Эканамічны ўздым, стварэнне пры Фрыдрыху I і Фрыдрыху Вільгельме I эфектыўнай бюракратычнай сістэмы кіравання і фарміраванне моцнай арміі высунулі Прусію на першы план сярод германскіх дзяржаў, што пацягнула абвастрэнне суперніцтва з Аўстрыяй. Прусія фактычна перастала браць удзел у агульнаімперскіх пытаннях: на яе тэрыторыі не дзейнічалі нормы, якія ахоўваюць інтарэсы саслоўяў, не выконваліся рашэнні імперскага суда, армія не прымала ўдзелу ў ваенных кампаніях імператара, а праца Верхнесаксонскай імперскай акругі была паралізавана. У выніку разыходжання паміж фактычнай ваенна-палітычнай моцай Прусіі і іншых буйных нямецкіх княстваў і састарэлай імперскай іерархіяй, якое толькі ўзмацнялася, к сярэдзіне XVIII стагоддзя наспеў востры сістэмны крызіс Свяшчэннай Рымскай імперыі.

Пасля смерці імператара Карла VI у 1740 годзе і спынення прамой мужчынскай лініі дому Габсбургаў аўстра-прускае процістаянне вылілася ў адкрытую вайну. Сілезскія войны (17401745) паміж прускім каралём Фрыдрыхам II і аўстрыйскай эрцгерцагіняй Марыяй Тэрэзіяй завяршыліся паражэннем Аўстрыі і стратай ёю Сілезіі. Адначасова Аўстрыя была вымушана весці Вайну за аўстрыйскую спадчыну (17411748) супраць франка-іспана-баварскай кааліцыі[33]. У 1742 годзе Карл Альбрэхт, курфюрст Баварыі, быў аднагалосна выбраны імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі. Упершыню за тры стагоддзі на прастол Германіі ўступіў не член дому Габсбургаў. Некаторымі гісторыкамі[34] абранне Карла Альбрэхта разглядаецца як спроба імперскіх саслоўяў знайсці новы палітычны шлях для імперыі і перанесці цэнтр яе цяжару з паўднёва-ўсходняй ускраіны ў «старую Германію». Нягледзячы на спробы Карла VII упарадкаваць працу дзяржаўных органаў імперыі, ваенныя дзеянні развіваліся для яго няўдала: аўстрыйцы некалькі разоў руйнавалі і захоплівалі Баварыю, што нанесла разгромны ўдар па матэрыяльнай базе імператара.

Пасля смерці Карла VII у 1745 годзе імперскі прастол вярнуўся да Габсбургаў: імператарам быў выбраны муж Марыі Тэрэзіі Франц I Латарынгскі. Аднак к гэтаму часу імперыя ўжо знаходзілася ў глыбокім крызісе. Спробы Габсбургаў аднавіць эфектыўнасць працы імперскіх структур і паставіць іх на службу інтарэсам Аўстрыі натыкнуліся на рашучае супраціўленне княстваў на чале з Прусіяй, якая ўзяла на сябе ролю абаронцы нямецкіх свабод ад «абсалютысцкіх» дамаганняў Габсбургаў. Франц I пацярпеў поўны правал у спробе аднавіць прэрагатывы імператара ў сферы леннага права і стварыць дзейсную імперскую армію. Хоць падчас Сямігадовай вайны (17561763) удалося дабіцца аб'яўлення рэйхстагам імперскай вайны супраць Фрыдрыха II, гэта адбылося ў значнай ступені дзякуючы націску Францыі на сваіх саюзнікаў у Германіі і не прывяло да пералому ў вайне. Больш таго, у канцы Сямігадовай вайны нямецкія княствы канчаткова перасталі падпарадкоўвацца імператару і самастойна заключалі сепаратныя перамір'і з Прусіяй. А падчас вайны за Баварскую спадчыну 17781779 гадоў, калі імператар паспрабаваў сілавымі метадамі замацаваць за Габсбургамі Баварыю, імперскія саслоўі, кіруемыя Прусіяй, адкрыта выступілі супраць імператара.

Для самога імператара карона Свяшчэннай Рымскай імперыі няўхільна губляла ўласную прывабнасць, становячыся толькі сродкам для ўмацавання Аўстрыйскай манархіі і пазіцый Габсбургаў у Еўропе[K 5]. У той жа час застылая структура імперыі ўваходзіла ў супярэчнасць з аўстрыйскімі інтарэсамі, любыя спробы імператараў ажыццявіць якія-небудзь пераўтварэнні былі асуджаны на правал з-за нежадання суб'ектаў дапусціць узмацнення цэнтральнай улады і парушыць існуючы баланс сіл і ўлады. Асабліва ярка гэта выявілася ў перыяд кіравання Іосіфа II, які быў вымушаны практычна пакінуць імперыю, засяродзіўшыся на інтарэсах Аўстрыі. Гэтым паспяхова карысталася Прусія, якая выступала ў ролі абаронцы імперскага парадку і імкнулася ўзяць на сябе ролю гаранта захавання суверэнных правоў малых суб'ектаў імперыі. У 1785 годзе пад кіраўніцтвам Фрыдрыха II быў створаны Саюз нямецкіх князёў як альтэрнатыва імперскім інстытутам, якія кантраляваліся Габсбургамі. Аўстра-прускае суперніцтва пазбаўляла астатнія нямецкія дзяржавы магчымасці аказваць хоць які-небудзь уплыў на ўнутрыімперскія справы і рабіла немагчымым ажыццяўленне рэформ у духу праграмы «Трэцяй Германіі», арыентаванай на абарону інтарэсаў малых і сярэдніх суб'ектаў імперыі. Гэта вяло да «стомленасці ад імперыі» свецкіх і царкоўных княстваў, рыцараў і вольных гарадоў, якія гістарычна былі галоўнай апорай канструкцыі Свяшчэннай Рымскай імперыі. Устойлівасць імперыі была канчаткова страчана.

Сацыяльна-эканамічнае развіццё

[правіць | правіць зыходнік]

Узмацненне эксплуатацыі сялянства ў Паўднёвай Германіі, абвастрэнне сацыяльнага канфлікту паміж гарадскім патрыцыятам і цэхавымі рабочымі, а таксама паміж ніжэйшым дваранствам і імперскімі князямі, пад уплывам ідэй Рэфармацыі выклікалі ў 15241525 гадах масавае народнае паўстанне ў Швабіі, Франконіі, Цюрынгіі і Ціролі, якое ўвайшло ў гісторыю пад назвай Вялікай сялянскай вайны. Паражэнне паўстання і пагаршэнне становішча сельскай гаспадаркі ў XVI стагоддзі прывяло да ўзмацнення феадальнай залежнасці паўднёва-нямецкага сялянства і распаўсюджвання прыгону на іншыя рэгіёны Германіі. Свабоднае сялянства і супольныя інстытуты працягвалі захоўваць пануючае значэнне толькі ў Саксоніі, Цюрынгіі, Фрысландыі, Дзітмаршэне і некаторых абласцях Гесэна. Калі ў Брандэнбургу, Мекленбургу, Памераніі назіралася далейшае ўмацаванне фальварачнай гаспадаркі і павелічэнне паншчынных павіннасцей, то на захадзе імперыі значнага пагаршэння становішча сялянства не назіралася. Сацыяльнае процістаянне паміж сялянамі і дваранствам у XVI—XVII стагоддзях страціла вастрыню, шмат у чым дзякуючы фактару рэлігійнай салідарнасці, развіццю разнастайных форм апякунства і судовых каналаў абароны сялянамі сваіх інтарэсаў.

У развіцці гарадоў у XVI стагоддзі намеціўся застой былых эканамічных лідараў (ганзейскія гарады, Аўгсбург, горныя цэнтры Саксоніі) і пераход лідарства да гарадоў Цэнтральнай Германіі на чале з Франкфуртам і Нюрнбергам. На змену купецкім банкірскім дамам Фугераў і Вельзераў прыйшлі банкі Гамбурга, Нюрнберга і Лейпцыга. Значнае ўзмацненне бюргерства ў перыяд Рэфармацыі змянілася к XVII стагоддзю поўнай перавагай дваранства ў палітычнай сістэме імперыі, адцісканнем бюргерства ад кіравання і паніжэннем яго статусу. На ўзроўні гарадоў адбывалася алігархізацыя гарадскіх абшчын і ўмацаванне ўсеўладдзя патрыцыяту ў сістэме гарадскога кіравання. Ніжэйшае дваранства паступова пераходзіла пад уплыў імперскіх князёў, а з развіццём прыдворна-адміністрацыйнага апарата ў княствах уключалася ў палітычную сістэму буйных дзяржаўных утварэнняў і губляла сваю незалежнасць.

Трыццацігадовая вайна нанесла цяжкі ўдар па эканоміцы і дэмаграфічнаму стану імперыі. Экспарт з Германіі практычна спыніўся, ганзейскія гарады і горныя цэнтры Саксоніі прыйшлі ў заняпад. У гарадах узмацніліся імкненні да пераходу пад заступніцтва тэрытарыяльных князёў, спыніла існаванне Ганза, канчаткова замацавалася эканамічнае лідарства Франкфурта і Кёльна. Маёнткавая і сялянская гаспадаркі ў XVII ст. мелі тэндэнцыю кансервацыі існуючых парадкаў пры супакаенні адносін паміж сялянамі і памешчыкамі. У паўночна-ўсходняй Германіі ў XVIII стагоддзі ўмацавалася дамінаванне буйной латыфундыйнай памешчыцкай гаспадаркі, заснаванай на паншчыннай працы і арыентаванай на рынак, тады як у заходніх і паўднёва-заходніх землях пераважала чыншавая сістэма. Істотна ажывілася ў XVIII ст. суконная і металургічная прамысловасць прырэйнскіх зямель, Брандэнбурга і Сілезіі, з'явіліся буйныя цэнтралізаваныя мануфактуры, аднак па тэмпах прамысловага развіцця імперыя істотна адставала не толькі ад Англіі і Францыі, але і ад Швецыі.

Падзенне імперыі

[правіць | правіць зыходнік]

Вайна з Францыяй і секулярызацыя 1803 года

[правіць | правіць зыходнік]
Свяшчэнная Рымская імперыя ў 1789 годзе.

Распачатая Вялікая Французская рэвалюцыя першапачаткова прывяла да кансалідацыі імперыі. У 1790 годзе быў складзены Райхенбахскі саюз паміж імператарам і Прусіяй, які на час спыніў аўстра-прускае процістаянне, а ў 1792 годзе падпісана Пільніцкая канвенцыя, па якой абедзве дзяржавы абавязаліся аказаць ваенную дапамогу французскаму каралю. Аднак мэтамі новага аўстрыйскага імператара Франца II былі не ўмацаванне імперыі, а рэалізацыя замежнапалітычных планаў Габсбургаў, пашырэнне Аўстрыйскай манархіі, у тым ліку за кошт нямецкіх княстваў, і выгнанне французаў з Германіі. Аналагічныя імкненні меў і прускі кароль. 23 сакавіка 1793 года рэйхстаг абвясціў імперскую вайну Францыі.

К гэтаму часу левабярэжжа Рэйна і аўстрыйскія Нідэрланды былі захоплены французамі, а Франкфурт спалены. Імперская армія была вельмі слабая. Суб'екты імперыі імкнуліся як мага больш абмежаваць удзел сваіх ваенных кантынгентаў у баявых дзеяннях за межамі ўласных зямель, адмаўляліся плаціць ваенныя ўзносы і спрабавалі як мага хутчэй дабіцца сепаратнага міру з Францыяй. Ужо ў 1794 годзе імперская кааліцыя пачала распадацца. У 1795 годзе, заключыўшы Базельскі мір, з вайны выйшла Прусія, за ёю ўслед зрабілі тое ж паўночнанямецкія дзяржавы, а ў 1796 годзе — Бадэн і Вюртэмберг. Аўстрыйская армія, якая працягвала весці ваенныя дзеянні, цярпела паражэнні на ўсіх франтах. Нарэшце, у 1797 годзе французская армія Напалеона Банапарта ўварвалася з Італіі на тэрыторыю спадчынных уладанняў Аўстрыі.

Увесну 1797 года быў складзены Кампафармійскі мір. Імператар перадаваў Францыі Бельгію і Ламбардыю і згаджаўся саступіць левабярэжжа Рэйна, а ўзамен атрымліваў кантынентальныя ўладанні Венецыі і права на павелічэнне аўстрыйскіх уладанняў у імперыі за кошт царкоўных княстваў паўднёва-ўсходняй Германіі[35].

У 1798 годзе ў Раштаце адкрыліся мірныя перагаворы з Францыяй ад імя імперыі, на якіх пачалося абмеркаванне пытання кампенсацыі былым кіраўнікам княстваў левага берага Рэйна за кошт секулярызацыі царкоўных уладанняў. Перагаворы праваліліся, але вайна Другой кааліцыі (17991801 гады), якая ўспыхнула ў 1799 годзе і ў якой Аўстрыя паспрабавала дабіцца рэваншу, завяршылася поўным паражэннем саюзнікаў.

Люневільскім мірам 1801 года была прызнана анексія Францыяй левага берага Рэйна, у тым ліку зямель трох духоўных курфюрстаў — Кёльна, Майнца і Трыра. Вырашэнне пытання аб тэрытарыяльнай кампенсацыі пацярпелым нямецкім князям было вынесена на разгляд імперскай дэпутацыі. Пасля працяглых перагавораў пад націскам Францыі і Расіі і пры фактычным ігнараванні пазіцыі імператара быў прыняты канчатковы праект рэарганізацыі імперыі, які і быў зацверджаны 24 сакавіка 1803 года.

«Заключная пастанова імперскай дэпутацыі» 1803 года прадугледжвала кардынальную рэарганізацыю складу і структуры Свяшчэннай Рымскай імперыі. Царкоўныя ўладанні на тэрыторыі Германіі былі секулярызаваны і большай часткай увайшлі ў склад буйных свецкіх дзяржаў. Спынялі таксама сваё існаванне ў якасці суб'ектаў імперскага права амаль усё (за выключэннем шасці) імперскія гарады. Усяго было скасавана, не лічачы анексаваных Францыяй зямель, больш за 100 дзяржаўных утварэнняў у складзе імперыі, а колькасць насельніцтва секулярызаваных зямель дасягала трох мільёнаў чалавек. Прычым найбольшы прырост у адносінах тэрыторыі і колькасці насельніцтва атрымалі французскія сатэліты Бадэн, Вюртэмберг і Баварыя, а таксама Прусія, пад уладу якой перайшла вялікая частка ўладанняў царквы ў Паўночнай Германіі. Пасля завяршэння тэрытарыяльнага размежавання да 1804 годзе ў складзе Свяшчэннай Рымскай імперыі засталося каля 130 дзяржаў, не лічачы ўладанняў імперскіх рыцараў.

Тэрытарыяльныя змены пацягнулі радыкальныя змены ў складзе рэйхстага і калегіі курфюрстаў. Былі скасаваны тытулы трох царкоўных курфюрстаў, а замест іх курфюрскія правы былі нададзены кіраўнікам Бадэна, Вюртэмберга, Гесэн-Каселя і эрцканцлеру імперыі Карлу-Тэадору фон Дальбергу. У выніку ў калегіі курфюрстаў, а таксама ў палаце князёў імперскага рэйхстага, большасць перайшла да пратэстантаў і сфарміравалася моцная прафранцузская партыя. Ліквідацыя вольных гарадоў і царкоўных княстваў — традыцыйна асноўнай апоры імперыі — прывяла да страты імперыяй устойлівасці і поўнага падзення ўплыву імператарскага прастола. Свяшчэнная Рымская імперыя канчаткова ператварылася ў кангламерат фактычна незалежных дзяржаў і страціла перспектывы свайго выжывання як адзінага палітычнага ўтварэння.

Канец Свяшчэннай Рымскай імперыі

[правіць | правіць зыходнік]
Рэйнскі саюз да 1808 г.

Імавернасць хуткага краху імперыі ці, прынамсі, краху ўлады Габсбургаў у Германіі пасля «Заключнай пастановы» імперскай дэпутацыі 1803 года стала відавочнай нават для самога імператара Франца II. У 1804 годзе ён прыняў тытул імператара Аўстрыі, імкнучыся заставацца роўным па рангу Напалеону, абвешчанаму ў тым жа годзе спадчынным імператарам французаў. Хоць акт прыняцця тытула імператара Аўстрыі напрамую не парушаў імперскую канстытуцыю, ён сведчыў пра ўсведамленне магчымасці страты Габсбургамі прастола Свяшчэннай Рымскай імперыі. Небяспека таго, што рымскім імператарам будзе выбраны Напалеон, стала рэальнай ужо ў 1804 годзе, калі апошні наведаў старажытную імперскую сталіцу Ахен і магілу Карла Вялікага, якая знаходзіцца там. Ідэі прыняцця Напалеонам рымскай кароны сімпатызаваў нават эрцканцлер імперыі Карл Тэадор Дальберг.

Тым не менш, смяротны ўдар па Свяшчэннай Рымскай імперыі нанёс не акт заснавання Аўстрыйскай імперыі, а вайна Трэцяй кааліцыі 1805 года. Армія Франца II была ўшчэнт разгромлена ў бітве пад Аўстэрліцам, а Вена захоплена французамі. На баку Напалеона ў гэтай вайне ваявалі войскі Бадэна, Баварыі і Вюртэмберга, што не выклікала ніякай адмоўнай рэакцыі ў імперыі. Франц II быў вымушаны заключыць з Францыяй Прэсбургскі мір, паводле якога імператар не толькі адмаўляўся на карысць Напалеона і яго сатэлітаў ад уладанняў у Італіі, Ціроля, Фарарльберга і Пярэдняй Аўстрыі, але і прызнаваў за кіраўнікамі Баварыі і Вюртэмберга тытулы каралёў, што юрыдычна выводзіла гэтыя дзяржавы з-пад якой-небудзь улады імператара і давала ім амаль поўны суверэнітэт. Аўстрыя канчаткова была адціснута на перыферыю Германіі, а імперыя ператварылася ў фікцыю. Як падкрэсліваў Напалеон у лісце да Талейрана пасля Прэсбургскага дагавора:

" Больш не будзе рэйхстага [...], больш не будзе і Германскай імперыі.[36]

"

Працэс распаду імперыі набіраў абароты. У студзені Швецыя абвясціла пра спыненне ўдзелу прадстаўнікоў сваіх паўночнагерманскіх уладанняў (Пярэдняя Памеранія) у агульнаімперскім рэйхстагу і ануляванні імперскай канстытуцыі ў нямецкіх землях, якія належаць ёй. У маі 1806 года імперскі эрцканцлер Дальберг, нягледзячы на пратэст імператара, прызначыў сваім каад'ютарам і пераемнікам дзядзьку Напалеона кардынала Жазефа Феша — француза, які не гаварыў ні слова па-нямецку. У выпадку смерці Дальберга Феш стаў бы главой урада Свяшчэннай Рымскай імперыі. Паводле меркавання новага аўстрыйскага канцлера Іагана Філіпа Штадыёна, перад імперыяй адкрывалася толькі дзве перспектывы: роспуск, або рэарганізацыя пад французскім панаваннем. 12 ліпеня 1806 года Баварыя, Вюртэмберг, Бадэн, Гесэн-Дармштат, Насау (абедзве лініі), Берг, эрцканцлер Дальберг і восем іншых нямецкіх княстваў падпісалі ў Парыжы дагавор аб утварэнні Рэйнскага саюза пад заступніцтвам Напалеона[37]. 1 жніўня гэтыя дзяржавы абвясцілі аб сваім выхадзе са складу Свяшчэннай Рымскай імперыі. Неўзабаве пачалася медыятызацыя ўдзельнікамі Рэйнскага саюза сумежных уладанняў імперскіх рыцараў і дробных графстваў, у выніку якой колькасць нямецкіх дзяржаўных утварэнняў скарацілася з двухсот да трохі больш чым сарака.

Акт Франца II аб складанні кароны імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі

22 ліпеня 1806 года аўстрыйскі пасланец у Парыжы атрымаў ультыматум Напалеона, паводле якога ў выпадку, калі Франц II не адрачэцца ад прастола імперыі да 10 жніўня, французскія войскі атакуюць аўстрыйскія ўладанні. У Вене ўжо на працягу доўгага часу вяліся дыскусіі пра мэтазгоднасць захавання Свяшчэннай Рымскай імперыі ва ўмовах абсалютнага дамінавання Францыі ў Германіі. Узяла верх пазіцыя канцлера Штадыёна, які лічыў, што існуе сур'ёзная небяспека ператварэння імперыі ў французскі пратэктарат, і што захаванне Францам II імперскага прастола немінуча пацягне вайну з Напалеонам, да якой Аўстрыя была не гатова. Адмова ад кароны стала непазбежнай. Відавочна, к пачатку жніўня 1806 года, атрымаўшы гарантыі французскага пасланца, што Напалеон не надзене карону рымскага імператара, Франц II вырашыў пайсці на адрачэнне.

6 жніўня 1806 года Франц II абвясціў аб складанні з сябе тытула і паўнамоцтваў імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі, растлумачыўшы гэта немагчымасцю выканання абавязкаў імператара пасля заснавання Рэйнскага саюза. Адначасова ён вызваліў імперскія княствы, саслоўі, чыны і службовых асоб імперскіх устаноў ад абавязкаў, накладзеных на іх імперскай канстытуцыяй. Хоць акт аб адрачэнні і не быў бездакорны з юрыдычнага пункта гледжання (дагэтуль вядуцца спрэчкі па пытанні, ці меў імператар права аднаасобна прымаць рашэнне аб скасаванні імперыі), у Германіі ўжо не было палітычнай волі падтрымліваць існаванне імперскай арганізацыі. Свяшчэнная Рымская імперыя перастала існаваць.

Венскі кангрэс і Германскі саюз

[правіць | правіць зыходнік]
Германскі саюз 18151866 гг.

Разгром Напалеона ў 18131814 гадах і патрыятычны ўздым у Германіі адкрыў магчымасці для аднаўлення Свяшчэннай Рымскай імперыі. Гэту ідэю падтрымлівалі Англія, Папа Рымскі, а таксама малыя і сярэднія нямецкія княствы, якія бачылі ў адраджэнні імперыі спосаб абароны ад замахаў з боку буйных дзяржаў (Прусіі, Баварыі, Саксоніі, Вюртэмберга). У лістападзе 1814 года дваццаць дзевяць нямецкіх князёў падпісалі заклік да Франца II з просьбай ізноў прыняць тытул імператара. Аднак рэстаўрацыя Старой імперыі была ўжо немагчымая. У адпаведнасці з аўстра-прускімі дагаворамі 1807 і 1813 гадоў, пагадненнямі аб далучэнні былых членаў Рэйнскага саюза да антыфранцузскай кааліцыі 1814 года і, нарэшце, паводле ўмоў Парыжскага мірнага дагавора 1814 года, Германія павінна была стаць канфедэратыўным утварэннем. Спроба адраджэння імперыі пагражала ваенным канфліктам Аўстрыі з Прусіяй і іншымі буйнымі нямецкімі дзяржавамі. На Венскім кангрэсе 1814—1815 гадоў Франц II адмовіўся ад імператарскай кароны і не дапусціў ажыццяўлення праекта аднаўлення імперыі пад кіраваннем абранага з нямецкіх князёў імператара. Замест гэтага 8 чэрвеня 1815 года быў заснаваны Германскі саюзканфедэрацыя 38 нямецкіх дзяржаў, уключаючы спадчынныя ўладанні Аўстрыйскай імперыі і Прускага каралеўства, у межах, прыкладна адпаведных былой Свяшчэннай Рымскай імперыі. Старшынёй Германскага саюза да 1866 года заставаўся імператар Аўстрыі. Германскі саюз быў распушчаны пасля аўстра-прускай вайны 1866 года, яму на змену прыйшоў Паўночнагерманскі саюз, а з 1871 года — Германская імперыя пад вяршэнствам Прусіі.

Дзяржаўны лад

[правіць | правіць зыходнік]

Канстытуцыйна-прававыя асновы

[правіць | правіць зыходнік]

Свяшчэнная Рымская імперыя не мела канстытуцыі як адзінага нарматыўнага акту. У аснове яе дзяржаўнай будовы і прынцыпаў функцыянавання ляжалі няпісаныя прававыя звычаі, якія толькі пачынаючы з позняга Сярэднявечча сталі дапаўняцца заканадаўчымі актамі імператараў і рэйхстага. У новы час канстытуцыйна-прававыя нормы былі раскіданы па значнаму ліку актаў, што ў спалучэнні з унікальным федэратыўным характарам імперыі і сістэмай балансу ўлады, якая склалася паміж рознымі імперскімі інстытутамі і саслоўямі, стварала досыць складаную дзяржаўна-прававую канструкцыю. Па вобразнаму выразу Іагана Якаба Мозера, буйнога нямецкага прававеда XVIII стагоддзя,

" Германія кіруецца па-нямецку: наш дзяржаўны лад нельга растлумачыць у некалькіх словах ці шляхам параўнання з дзяржаўнай будовай іншых краін.[38]

"

Федэратыўны прынцып і складаная іерархія дзяржаўнай структуры сталі аб'ектамі крытыкі з часоў Рэфармацыі і фарміравання ў Еўропе цэнтралізаваных нацыянальных дзяржаў. Самуэль Пуфендорф у XVII стагоддзі назваў Свяшчэнную Рымскую імперыю «падобнай да „пачвары“ (лац.: monstro simile) супольнасцю паўсамастойных княстваў, якія існавалі пад прыкрыццём слабых прэрагатыў імператарскага прастола»[39]. Аднак нягледзячы на ўсю дэцэнтралізацыю імперыя заставалася адзіным дзяржаўным утварэннем, з уласным главой — выбарным імператарам — і суб'ектамі — імперскімі саслоўямі. Дваістасць улады, увасобленая ў імператары і імперскіх саслоўях, якія былі адносна незалежнымі крыніцамі вярхоўнай улады, стварала сістэму, якая моцна адрознівалася ад іншых еўрапейскіх дзяржаў: імператар «не быў імперыяй»[K 6] і часта яго воля не была дзяржаўнай воляй. Апошні эрцканцлер Свяшчэннай Рымскай імперыі Карл Тэадор Дальберг так апісваў гэту дзяржаву незадоўга да яго падзення:

" ...трывалы гатычны будынак, які хоць і не быў пабудавана па ўсіх правілах архітэктуры, тым не менш безумоўна зручны для жылля.[40]

"

Сярод асноўных нарматыўных актаў, якія аформілі канстытуцыйна-прававую будову Свяшчэннай Рымскай імперыі, вылучаюцца наступныя:

Карона імператараў Свяшчэннай Рымскай імперыі

Паводле сярэдневяковых уяўленняў, германскі імператар з'яўляўся прамым пераемнікам імператараў познеантычнай Рымскай імперыі і франкскай імперыі Карла Вялікага. Гэта дазваляла кіраўнікам Свяшчэннай Рымскай імперыі прэтэндаваць на вярхоўную ўладу ў Еўропе. Свяшчэнны характар асобе імператара надавала яго каранацыя ў Рыме Папам Рымскім. Толькі пасля гэтага абраны манарх мог карыстацца імператарскім тытулам. Імператар быў таксама каралём Германіі (Усходнефранкскага каралеўства), Італіі і Бургундыі[K 7], прычым найбольш цеснай была сувязь паміж імперыяй і Германіяй: толькі абраны нямецкімі князямі кароль мог насіць тытул імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі. Першыя імператары з Саксонскай дынастыі выкарыстоўвалі тытул лац.: imperator augustus («імператар аўгуст»). У канцы X стагоддзя стаў выкарыстоўвацца тытул лац.: imperator Romanorum («рымскі імператар»), а з XI стагоддзя — лац.: Romanorum imperator augustus («рымскі імператар аўгуст»)[41].

Да каранацыі ў Рыме кіраўнікі імперыі насілі каралеўскі тытул. Першапачаткова гэта быў запазычаны ў Каралінгаў тытул лац.: rex Francorum (orientalium) («кароль (усходніх) франкаў»). Аднак паступова ён пачаў выцясняцца тытулам лац.: rex Teutonicorum/Teutonicum («кароль немцаў»). А падчас барацьбы імператара Генрыха IV за інвестытуру ўзнік новы тытул — лац.: rex Romanorum («рымскі кароль»)[41].

З канца XV стагоддзя па палітычных прычынах каранацыя імператара ў Рыме стала немагчымай. У выніку Максіміліян I і яго пераемнікі сталі выкарыстоўваць тытул «абраны рымскі імператар» (лац.: electus imperator Romanorum, ням.: Erwählter Römischer Kaiser)[41], маючы на ўвазе, што яго ўладальнік калі-небудзь наведае Рым для каранацыі[K 8]. Спадчыннік імператарскага прастола, які абіраўся пры жыцці кіруючага манарха, атрымліваў тытул «рымскага караля» (ням.: Römischer König), аднак, за выключэннем рэдкіх выпадкаў (Фердынанд I у 1531—1558), ніякіх рэальных уладных паўнамоцтваў не меў.

На працягу ўсёй гісторыі імператарскі прастол заставаўся выбарным, што рэзка адрознівала Свяшчэнную Рымскую імперыю ад іншых сучасных ёй заходнееўрапейскіх манархій, акрамя хіба што Рэчы Паспалітай. Першапачаткова імператарам выбіраўся член аднаго з найбольш магутных княжацкіх родаў Германіі, які знаходзіцца ў сваяцтве з каралеўскай сям'ёй (ням.: Geblütsrecht). Пасля паражэння імператараў у барацьбе за інвестытуру прынцып кроўнага сваяцтва перастаў улічвацца, і выбары набылі больш свабодны характар. Тым не менш, кіруючыя імператары ўвесь час спрабавалі забяспечыць прастол сваім дзецям, часам дабіваючыся іх абрання рымскімі каралямі пры сваім жыцці і такім чынам засноўваючы ўласныя імператарскія дынастыі. З 1438 і да 1806 года імператарскі прастол увесь час (за выключэннем кароткага перыяду ў 1742—1745 гадах) займалі прадстаўнікі дынастыі Габсбургаў — найбольш магутнага нямецкага дому новага часу, які валодаў шырокімі ўладаннямі за межамі імперыі і выконваў адну з вядучых роляў у Еўропе.

У ранні перыяд круг выбаршчыкаў імператара не быў абмежаваны: на з'езды, прысвечаныя абранню новага імператара, магла збірацца ўся вышэйшая свецкая і духоўная арыстакратыя Германскага каралеўства, хоць звычайна ўдзельнічалі толькі прадстаўнікі некалькіх рэгіёнаў. Нявызначанасць складу выбаршчыкаў часам прыводзіла да двайных выбараў, бо князі не маглі дамовіцца аб адзіным кандыдаце. Пасля зацвярджэння ў 1356 годзе «Залатой булы» Карла IV кола выбаршчыкаў імператара было абмежаваны сямю курфюрстамі, і быў уведзены прынцып большасці пры падліку галасоў.

У Сярэднявеччы паўнамоцтвы імператара былі абмежаваны толькі звычаямі і традыцыямі, імператар ажыццяўляў вярхоўную свецкую і духоўную ўладу, кіраваў урадам, ажыццяўляў правасуддзе і аднаасобна аб'яўляў вайну і заключаў мір. У новы час аб'ём яго прэрагатыў стаў паступова абмяжоўвацца выбарчымі капітуляцыямі і законамі, якія зацвярджаюцца рэйхстагам, у выніку чаго правядзенне эфектыўнай палітыкі імператарам стала магчымым толькі ва ўзаемадзеянні з імперскімі саслоўямі, найперш з курфюрстамі. У XVIIXVIII стагоддзях у выключную кампетэнцыю імператара ўваходзілі фарміраванне і кіраўніцтва Надворным саветам, вызначэнне распарадку дня рэйхстага, прысваенне тытулаў, раздача прыдворных пасад, прадстаўленне інтарэсаў імперыі ў адносінах з замежнымі дзяржавамі і шэраг меней важных пытанняў. Грашова-эмісійная і мытная палітыка, а таксама прыняцце рашэння пра скліканне рэйхстага знаходзіліся ў сумеснай кампетэнцыі імператара і калегіі курфюрстаў[41]. Толькі са згоды рэйхстага маглі зацвярджацца законы, уводзіцца імперскія падаткі, аб'яўляцца вайна і заключацца мір. Нягледзячы на значнае звужэнне паўнамоцтваў імператара, у яго заставалася даволі многа палітычных механізмаў, якія забяспечвалі яго вядучую ролю ў палітычнай сістэме імперыі, імператар быў гарантам яе адзінства. Як толькі ў 1806 годзе Франц II склаў з сябе тытул і паўнамоцтвы імператара, імперыя перастала існаваць.

Імперскія саслоўі

[правіць | правіць зыходнік]

Сацыяльнай асновай і, адначасова, базавымі структурнымі адзінкамі Свяшчэннай Рымскай імперыі былі імперскія саслоўі (імперскія чыны; ням.: Reichsstande), пад якімі разумеліся тэрытарыяльныя ўтварэнні і асобы, якія маюць права голаса ў рэйхстагу, непасрэдна падуладныя імператару і выплачваюць падаткі ў імперскую казну. Імперскія саслоўі мелі тэрытарыяльны суверэнітэт на тэрыторыі сваіх уладанняў і ажыццяўлялі ўладныя паўнамоцтвы ў адносінах да сваіх падданых. Апошнія (сяляне, гараджане княжацкіх гарадоў, ніжэйшае дваранства і духавенства) не адносіліся да імперскіх чыноў і не ўдзельнічалі ў кіраванні імперыяй. Працэс складвання імперскіх саслоўяў расцягнуўся на стагоддзі і быў завершаны толькі ў пачатку XVI стагоддзя. Аднак пэўны пералік суб'ектаў імперыі, аднесеных да імперскіх саслоўяў, фіксаваўся ў імперскіх матрыкулах, якія зацвярджаліся рэйхстагам, і заставаўся зменлівым да канца існавання імперыі. Дваістасць прыроды імперскіх саслоўяў — сацыяльны пласт і тэрытарыяльнае ўтварэнне — тлумачылася тым, што практычна да самага канца існавання імперыі працэсы станаўлення дзяржаўнасці яе суб'ектаў, акрамя Прусіі і Аўстрыі, так і не былі завершаны: тэрыторыя і сістэма кіравання княстваў разглядаліся як працяг спадчынных зямель і прыдворных устаноў князя. Хоць у многіх княствах былі створаны ландтагі, а мясцовае бюргерства і ніжэйшае дваранства аказвалі істотны ўплыў на палітыку, князь па-ранейшаму лічыўся адзінай крыніцай улады і не аддзяляўся ад дзяржавы як такой.

Імперскае права вылучала наступныя імперскія саслоўі:

  • Курфюрсты (ням.: Kurfürsten);
  • Імперскія князі (ням.: Reichsfürsten);
  • Імперскія графы і імперскія прэлаты (ням.: Reichsgrafen і Reichsprälaten);
  • Свабодныя імперскія гарады (ням.: Reichsstadte).

Акрамя таго, саслоўі падраздзяляліся на свецкія і духоўныя, бо біскупы і абаты Свяшчэннай Рымскай імперыі таксама з'яўляліся тэрытарыяльнымі суверэнамі, ажыццяўляючы вышэйшую свецкую ўладу над жыхарамі сваіх зямель. Асобую катэгорыю складалі імперскія рыцары (ням.: Reichsritter), якія хоць і не ўдзельнічалі ў рэйхстагу, але былі суверэнамі ў сваіх уладаннях і служылі адной з найважнейшых апор цэнтральнай улады ў Германіі.

Свецкія прыдворныя пасады

[правіць | правіць зыходнік]

Многія пасады ў Свяшчэннай Рымскай імперыі былі запазычаны з Каралінгскай імперыі, у якой існавала восем свецкіх прыдворных пасад, уладальнікі якіх кіравалі палацавай гаспадаркай: камерарый (лац.: camerarius), пфальцграф (лац.: comes palatii), сенешаль (лац.: senescalus), краўчы (лац.: camerarius), маршал (лац.: comes stabuli), мансіянарый ці кватэрмайстар (лац.: mansionarius), старэйшы падлоўчы (лац.: venatores principales) і сакольнічы (лац.: falconarius)[42].

Аднак у Свяшчэннай Рымскай імперыі адбылося вылучэнне чатырох галоўных пасад, якія вызначалі структуру двара: камерарыя, трухзеса (імперскага стольніка), краўчага і маршала. Але згадванні пра іх досыць адрывістыя. Упершыню пасады ўпамінаюцца яшчэ ў 936 годзе Відукіндам Карвейскім[43], які называе чатырох племянных герцагаў, якія сімвалічна выконвалі перад каралём гэтыя абавязкі падчас урачыстай трапезы па выпадку каранацыі Атона I. Камерарыем быў герцаг Латарынгіі, трухзесам — герцаг Франконіі, краўчым — герцаг Швабіі, а маршалам — герцаг Баварыі. Наступнае ўпамінанне адносіцца да 986 года, калі Цітмар Мерзебургскі на каранацыі Атона III згадвае[44], што трухзесам быў герцаг Баварыі, камерарыем — герцаг Швабіі, краўчым — герцаг Карынціі, а маршалам — герцаг Саксоніі. У XIII стагоддзі ў «Саксонскім зярцале» адзначаецца сувязь пасад з выбарамі караля. Паводле гэтай крыніцы, сярод свецкіх князёў першае месца належыць пфальцграфу Рэймса (трухзес), другое — герцагу Саксоніі (маршал), трэцяе — маркграфу Брандэнбурга (камерарый). Уладальнікам чацвёртай пасады, імперскага шэнка (краўчага) быў кароль Чэхіі, аднак ён не быў немцам і не меў права абрання[42].

У 1356 годзе ў Залатой буле імператара Карла IV адбылося канчатковае замацаванне ганаровых пасад, якія атрымалі назву (ням.: Reichserzämter). Кароль Чэхіі станавіўся эрцкраўчым (лац.: archipincerna), пфальцграф Рэйнскі — эрцтрухзесам (лац.: archidapifer), герцаг Саксоніі — эрцмаршалам (лац.: archimarescalcus), маркграф Брандэнбурга — эрцкамерарыем (лац.: archicamerarius). Гэтыя пасады былі спадчыннымі. Акрамя таго, у той жа буле замацоўваліся чатыры спадчынныя віцэ-пасады за чатырма родамі: віцэ-маршала (за фон Папенгаймамі), віцэ-краўчага (за фон Лімпургамі), віцэ-трухзеса (за фон Вальдбургамі) і віцэ-камерарыя (фон Фалькенштэйны)[42].

Найбольш важнай лічылася пасада трухзеса ці сенешаля (ням.: Truchseß, ад стараверхненямецкага Trubtsazzo — «той, хто ўзначальвае атрад»). Трухзес займаўся наглядам за тым, як кіруецца палацавая гаспадарка, а таксама за каралеўскай і імперскай маёмасцю. Акрамя таго, трухзес адказваў за абслугоўванне каралеўскага стала. У адсутнасць караля трухзес быў вікарыем. У паходах трухзес камандаваў авангардам пры наступлення, ар'ергардам пры адступленні, а падчас бою нёс каралеўскі сцяг. Падчас урачыстага выбару імператара трухзес нёс імператарскі меч. У Бургундскім каралеўстве таксама існавала спадчынная пасада трухзеса, якую насілі прадстаўнікі дому дэ Турэ. Пасля таго як Францыя далучыла бургундскія землі, гэту пасаду перанялі дафіны[42].

Найменш важнай лічылася пасада краўчага (ці шэнка, ад стараверхненямецкага Scenko), які займаўся забеспячэннем каралеўскага стала напоямі. Частку абавязкаў краўчы дзяліў з трухзесам. З канца XII стагоддзя пасада эрцкраўчага была замацавана за каралямі Чэхіі, аднак пераважнае права эрцкраўчага на выбар караля аспрэчвалася да 1356 года, калі яно было замацавана ў Залатой буле. Ганаровая служба эрцкраўчага заключалася ў тым, што падчас імперскіх з'ездаў і рэйхстагаў ён падносіў каралю віно ў сярэбраным кубку, за што атрымліваў каня і кубак у падарунак[42].

Асноўным абавязкам маршалаў быў клопат пра бяспеку імператара і дысцыплінарны нагляд за дваром, а таксама арганізацыя імперскіх з'ездаў і рэйхстагаў. Падчас пасяджэнняў маршал адказваў за цырыманіял. Падчас вайны маршал узначальваў імператарскую конніцу, а з XII стагоддзя — і ўсю імператарскую армію. Ганаровая служба эрцмаршала заключалася ў нясенні мяча на ўрачыстых цырымоніях[42].

Пасада камерарыя мела менш прадстаўнічы характар, чым астатнія. Камерарый вёў палацавую гаспадарку і імператарскую казну, а таксама разам з трухзесам клапаціўся пра імперскую казну. Паступова сярод усіх абавязкаў камерарыя найбольш важнай стала функцыя скарбніка, аднак к XV стагоддзю з-за адсутнасці інстытута казначэйства ў імперыі значэнне пасады спала[42].

Імператар Фердынанд III у асяроддзі васьмі курфюрстаў, 1663/1664 гг.

Курфюрсты ўяўлялі сабою вузкую групу кіраўнікоў найбольш магутных нямецкіх княстваў, якія мелі выключнае права абрання імператара. Яны складалі вышэйшую палату рэйхстага і служылі найважнейшым сувязным звяном паміж імператарам і імперскімі саслоўямі, з'яўляючыся «слупамі імперыі». Курфюрсты аказвалі найбольшы ўплыў на палітыку імператара і карысталіся практычна поўнай самастойнасцю ва ўнутраных справах, аж да чаканкі ўласнай манеты і непадсуднасці Імперскаму суду і Надворнаму савету. Акрамя таго, кожны курфюрст меў адну з вышэйшых прыдворных пасад імператарскага двара. Значэнне калегіі курфюрстаў некалькі зменшылася ў другой палове XVII стагоддзя, калі цэнтр улады ў імперыі зрушыўся ў бок рэйхстага.

Калегія курфюрстаў склалася ў познім Сярэднявеччы і была заканадаўча аформлена «Залатой булай» імператара Карла IV у 1356 годзе. Гэтым дакументам статус курфюрстаў быў нададзены кіраўнікам сямі германскіх княстваў: архібіскупам Майнца, Кёльна і Трыра, каралю Чэхіі (Багеміі)[K 9], герцагу Саксоніі, пфальцграфу Рэйнскаму і маркграфу Брандэнбурга. Паводле імперскага права, курфюрскі статус мелі не асабіста кіраўнікі ці дынастыі, а адпаведныя тэрытарыяльныя ўтварэнні. Права на прысваенне тытула курфюрста было адной з найважнейшых прэрагатыў імператарскай улады. У 1632 годзе, у перыяд Трыццацігадовай вайны, імператар пазбавіў Пфальц курфюрскага тытула і перадаў яго Баварыі, аднак па ўмовах Вестфальскага міру Пфальц ізноў стаў восьмым курфюрствам[K 10]. У 1692 годзе дзявяты тытул курфюрста быў прысвоены герцагу Браўншвайг-Люнебурга (пазней — Гановер), што было пацверджана рэйхстагам у 1708 годзе. Апошняя змена ў калегіі курфюрстаў адбылася ў пачатку XIX стагоддзя, калі войскі Напалеона заваявалі левабярэжжа Рэйна, знішчыўшы тым самым курфюрствы Майнц, Трыр і Кёльн. Замест іх паводле рашэння імперскай дэпутацыі 1803 года статус курфюрстваў быў прысвоены Гесэн-Каселю, Бадэну, Вюртэмбергу, Зальцбургу і ўладанням эрцканцлера Карла Тэадора Дальберга (АшафенбургРэгенсбург). Гэты акт прывёў да фарміравання ў калегіі курфюрстаў пратэстанцкай прафранцузскай большасці, што стала адной з прычын краху імперыі ў 1806 годзе.

Імперскія князі

[правіць | правіць зыходнік]

Саслоўе імперскіх князёў уяўляла сабою вышэйшае дваранства Свяшчэннай Рымскай імперыі. У яго склад уваходзілі кіраўнікі свецкіх і духоўных княстваў, якія знаходзіліся ў непасрэднай леннай залежнасці ад імператара і валодалі тытуламі, вышэйшымі за графскі. Гэта маглі быць прадстаўнікі старажытных арыстакратычных родаў, чые продкі яшчэ ў перыяд высокага Сярэднявечча атрымалі свае лены прама ад імператара (Вельфы, Царынгены, Асканіі і інш.), або меней радавітыя кіраўнікі невялікіх тэрыторый, якім імператар прысвоіў княжацкі тытул (Турн-і-Таксіс, Шварцэнбергі і інш.). З царкоўных іерархаў да імперскіх князёў адносіліся архібіскупы і біскупы. Працэс фарміравання саслоўя завяршыўся к XV стагоддзю. Паводле імперскага матрыкула 1521 года, у імперыі існавала 50 духоўных і 24 свецкіх імперскіх князёў. К канцу XVIII стагоддзя колькасць духоўных князёў паменшылася да 33, а свецкіх — узрасла да 61.

Свецкія і духоўныя імперскія князі ўтваралі асноўную палату імперскага рэйхстага — Савет імперскіх князёў (ням.: Reichsfürstenrat), і такім чынам мелі магчымасць непасрэдна ўплываць на палітыку імперыі. Кожная княжацкая тэрыторыя мела адзін голас у палаце, а ў выпадку, калі адзін кіраўнік валодаў некалькім імперскімі княствамі, іх галасы складаліся[K 11]. Іменна імперскія князі як кіраўнікі сярэдніх і дробных дзяржаўных утварэнняў прэтэндавалі на тое, каб выражаць інтарэсы імперыі як такой. Сярод прывілеяў імперскіх князёў — права чаканкі манеты, арганізацыя судовай і адміністрацыйнай сістэм на тэрыторыі сваіх княстваў, увядзенне мясцовых падаткаў і пошлін.

Імперскія графы і імперскія прэлаты

[правіць | правіць зыходнік]

Імперскія графы былі найбольш шматлікім імперскім саслоўем, утвараючы асноўную масу сярэдняга дваранства Германіі. Першапачаткова графы былі кіраўнікамі ў тых ці іншых абласцях каралеўскага дамена і не былі ўладальнікамі непасрэдных алодаў. З цягам часу, аднак, некаторыя нямецкія графы змаглі ператварыць свае ўладанні ў імперскія лены, стаўшы суверэнамі малых і карлікавых княстваў і ўтварыўшы асобнае імперскае саслоўе. Іншая частка графаў засталася пад сюзерэнітэтам больш магутных тэрытарыяльных князёў, утварыўшы праслойку ніжэйшага дваранства, якое не ўдзельнічала ў сістэме кіравання імперыяй. Некаторыя з імперскіх графаў дабіліся прысваення ім больш высокіх тытулаў, што спрыяла іх пераходу ў саслоўе імперскіх князёў (напрыклад, Вюртэмберг у 1495 годзе). Паводле імперскага матрыкула 1521 года, статус імперскіх графаў мелі 144 тэрытарыяльныя кіраўнікі, к канцу XVIII стагоддзя іх колькасць скарацілася да 99. У рэйхстагу імперскія графы ўтваралі чатыры групы паводле геаграфічнай прыкметы: імперскія графы Вестфаліі, Ветэрау, Швабіі і Франконіі, кожная з якіх мела па адным голасе ў свецкай курыі Савета імперскіх князёў. Значна большую ролю імперскія графы адыгрывалі на ўзроўні імперскіх акруг: у органах кіравання акруг кожны граф меў адзін голас, што ўраўноўвала іх у правах са значна больш магутнымі імперскімі князямі. У выніку медыятызацыі 1806 года вялікая частка імперскіх графаў страціла свой статус, ператварыўшыся ў вышэйшы пласт тэрытарыяльнага дваранства нямецкіх княстваў.

Тэрыторыі царкоўных княстваў у складзе імперыі ў 1648 г.
Тэрыторыі свабодных гарадоў у складзе імперыі ў 1648 г.

З саслоўем імперскіх графаў збліжалася саслоўе імперскіх прэлатаў, у якое ўваходзілі абаты і прыёры манастыроў, якія валодалі тэрытарыяльным суверэнітэтам на сваіх землях і лічыліся паўнапраўнымі суб'ектамі Свяшчэннай Рымскай імперыі. Іх уладанні моцна адрозніваліся па плошчы і насельніцтву: ад адносна вялікага Фульдскага абацтва да манастыра Обермюнстэр, які валодаў усяго некалькімі будынкамі ў Рэгенсбургу, але меў прэрагатывы імперскага дзяржаўнага ўтварэння. У 1521 годзе да імперскіх прэлатаў адносілася 83 царкоўныя іерархі, аднак працэсы секулярызацыі скарацілі колькасць гэтага саслоўя к канцу XVIII ст. да 40. Землі імперскіх прэлатаў размяшчаліся пераважна на паўднёвым захадзе Германіі. Асобую катэгорыю ўтваралі магістры Тэўтонскага і Мальтыйскага ордэнаў, уладанні якіх таксама мелі тэрытарыяльны суверэнітэт. У рэйхстагу прэлаты аб'ядноўваліся ў Швабскую і Рэйнскую калегіі імперскіх прэлатаў, якія мелі па адным голасе ў царкоўнай курыі Савета імперскіх князёў. У 1803 годзе ўсе тэрыторыі імперскіх прэлатаў (акрамя зямель ордэнаў) былі секулярызаваны.

Свабодныя імперскія гарады

[правіць | правіць зыходнік]

Імперскія гарады ў адрозненне ад іншых гарадскіх цэнтраў імперыі не знаходзіліся пад сюзерэнітэтам тэрытарыяльных князёў, а падпарадкоўваліся непасрэдна імператару і ва ўнутраных справах былі цалкам самастойнымі дзяржаўнымі ўтварэннямі. Статус імперскага саслоўя адносіўся не да пэўных гараджан, а да горада ў цэлым, прадстаўленага сваім магістратам. Першапачаткова існаваў цвёрда замацаваны падзел сярод свабодных гарадоў на дзве катэгорыі:

Права як імперскіх, так і свабодных гарадоў на ўдзел у рэйхстагу было афіцыйна замацавана ў 1489 годзе, што спрыяла збліжэнню гэтых катэгорый і складанню адзінага саслоўя імперскіх свабодных гарадоў, прадстаўнікі якіх утваралі трэцюю палату рэйхстага — Савет імперскіх гарадоў. Хоць гарады былі прадстаўлены ў рэйхстагу, іх уплыў на ўнутраную і знешнюю палітыку заставаўся нязначным, а меркаванне Савета імперскіх гарадоў часта ігнаравалася імперскімі князямі. Паводле матрыкула 1521 года, у Германіі налічвалася 84 імперскія свабодныя гарады, к канцу XVIII стагоддзя іх колькасць скарацілася да 51. Рашэннем імперскай дэпутацыі 1803 года большасць гарадоў страціла самастойнасць і ўвайшла ў склад нямецкіх княстваў. На момант роспуску Свяшчэннай Рымскай імперыі ў 1806 годзе было толькі шэсць свабодных імперскіх гарадоў: Любек, Гамбург, Брэмен, Франкфурт, Аўгсбург і Нюрнберг.

Імперскія рыцары

[правіць | правіць зыходнік]

Імперскія рыцары не лічыліся імперскім саслоўем, бо не плацілі дзяржаўных падаткаў і не мелі права на ўдзел у рэйхстагу і ў саветах імперскіх акруг. Імперскае рыцарства ўяўляла сабою адну з найважнейшых апор імператарскай улады і інтэграцыйных працэсаў у імперыі. Геаграфічна рыцарскія феоды размяшчаліся, галоўным чынам, на паўднёвым захадзе Германіі, утварачы анклавы сярод уладанняў імперскіх князёў, графаў і прэлатаў. Для абмеркавання агульных пытанняў склікаліся генеральныя з'езды (ням.: Generalkorrespondenztage) імперскіх рыцараў. З падзеннем імперыі ў 1806 годзе ўладанні імперскіх рыцараў былі анексаваны буйнейшымі дзяржаўнымі ўтварэннямі.

Сістэма кіравання

[правіць | правіць зыходнік]

Органы кіравання ў Сярэднявеччы

[правіць | правіць зыходнік]

У ранні перыяд адміністрацыйная сістэма імперыі была слаба дыферэнцыяванай. Імператар асабіста ажыццяўляў кіраванне, перыядычна аб'язджаючы ўсе рэгіёны краіны[45]. Пры ім знаходзілася канцылярыя, якая складалася з трох аддзяленняў: германскага, італьянскага (з 962) і бургундскага (з 1033), узначаленых эрцканцлерамі[K 12]. Для абмеркавання найважнейшых палітычных пытанняў перыядычна склікаліся шматлюдныя сходы найбуйнейшых свецкіх і царкоўных князёў імперыі (вялікі каралеўскі саветгофтаг). Да XIII стагоддзя законатворчыя функцыі цэнтральнай улады былі вельмі невыразнымі, цалкам панавала звычаёвае права[46], сваё для кожнага рэгіёна імперыі (прававы партыкулярызм). З XI стагоддзя пачалося фарміраванне саслоўных судоў (княжацкіх, графскіх, царкоўных, шэфенскіх, муніцыпальных), якія ў эпоху Гогенштаўфенаў былі дапоўнены агульнаімперскім надворным судом пры імператары. Аднак аб'ём кампетэнцыі імператарскага суда заўсёды заставаўся моцна абмежаваным судовымі прэрагатывамі князёў: вядома, што колькасць спраў у імперскім надворным судзе была ў 30 раз меншай, чым колькасць судовых працэсаў, якія прайшлі ў аналагічны перыяд у парыжскім парламенце караля Францыі[47]. Прадстаўнікамі імператара на месцах з'яўляліся графы (у Італіі — імперскія пасланцы), якія хутка ператварыліся з каралеўскіх чыноўнікаў у спадчынных тэрытарыяльных князёў, якія стваралі на сваіх землях уласны адміністрацыйна-судовы апарат. У канцы XIII стагоддзя сфарміравалася калегія сямі найбольш магутных тэрытарыяльных князёў, якая прысвоіла сабе выключнае права на абранне імператара і кантроль яго дзейнасці. Гэта калегія курфюрстаў атрымала афіцыйнае прызнанне ў «Залатой буле» 1356 года[48]. Для абмеркавання найважнейшых агульнаімперскіх пытанняў імператары склікалі шырэйшыя сходы, у якіх удзельнічалі імперскія свецкія і духоўныя князі, а з XIII стагоддзя — і прадстаўнікі некаторых імперскіх гарадоў. Кола ўдзельнікаў гэтых гофтагаў ці імперскіх соймаў вызначалася выключна імператарам, яму ж належала канчатковае рашэнне, улічваць ці не ўлічваць меркаванне, выказанае саслоўямі. З аслабленнем імператарскай улады ў познім Сярэднявеччы роля прадстаўнічага органа імперскіх князёў няўхільна ўзрастала.

Структура органаў кіравання Свяшчэннай Рымскай імперыі ў Новы час

Ператварэнне нявызначаных па складу і кампетэнцыі імперскіх сеймаў Сярэднявечча ў арганізацыйна аформлены вышэйшы прадстаўнічы орган імперыі — рэйхстаг, адбылося падчас ажыццяўлення імперскай рэформы канца XV — пачатку XVI стагоддзяў. Структура рэйхстага была вызначана ў 1495 г. Ён складаўся з трох калегій:

  • Савет курфюрстаў (ням.: Kurfürstenrat), у склад якога ўваходзілі курфюрсты імперыі (першапачаткова сем, к канцу XVIII стагоддзя — восем чалавек);
  • Савет імперскіх князёў (ням.: Reichsfürstenrat), у склад якога ўваходзілі свецкія і духоўныя імперскія князі, кожны з якіх меў адзін голас, а таксама імперскія графы і імперскія прэлаты, якія валодалі, адпаведна, чатырма і двума калектыўнымі галасамі. Савет імперскіх князёў падзяляўся на курыі свецкіх (63 члена ў 1800 г.) і духоўных (37 членаў у 1800 г.) князёў;
  • Савет гарадоў (ням.: Städterat), у склад якога ўваходзілі прадстаўнікі свабодных імперскіх гарадоў (51 член у 1800 г.), аб'яднаных у дзве калегіі: Швабскую і Рэйнскую.

Скліканне рэйхстага здзяйсняў імператар па ўзгадненню з курфюрстамі. Кола пытанняў, якія выносіліся на абмеркаванне рэйхстага, вызначаў імператар аднаасобна. Абмеркаванне і прыняцце рашэння ажыццяўлялася асобна па калегіях большасцю галасоў, прычым Савету курфюрстаў і Савету імперскіх князёў належаў вырашальны голас. Галасаванне было тайным. Рашэнне лічылася прынятым, калі яго аднагалосна падтрымалі ўсе тры калегіі і імператар. З 1663 г. рэйхстаг ператварыўся ў стала дзеючы орган, які засядаў у Рэгенсбургу.

Апроч рэйхстага існаваў яшчэ адзін агульнаімперскі прадстаўнічы орган — з'езд імперскіх дэпутатаў ці імперская дэпутацыя (ням.: Reichsdeputationstag), які складаўся з невялікай колькасці (звычайна не больш чым 20) прадстаўнікоў саслоўяў і акруг. На гэтым з'ездзе праводзіліся папярэднія абмеркаванні пытанняў і распрацоўваліся законапраекты, што выносіліся на рэйхстаг, а таксама выпрацоўваліся меры па падтрыманню земскага міру. Імперскія дэпутацыі былі больш мабільным органам, чым рэйхстаг, што дазваляла эфектыўней і скарэй знаходзіць кампраміс паміж саслоўямі і імператарам.

У кампетэнцыі рэйхстага знаходзіліся выданне агульнаімперскіх законаў, абвяшчэнне вайны і заключэнне міру, утварэнне і скасаванне імперскіх органаў кіравання і суда, скліканне і роспуск імперскай арміі, зацвярджэнне падаткаў і эканамічная палітыка, пытанні земскага міру і суіснавання розных рэлігійных канфесій. Пасля Вестфальскага міру рэлігійныя пытанні былі вынесены ў кампетэнцыю імперскай дэлегацыі па справах веры, якую на парытэтнай аснове фарміравалі прадстаўнікі каталіцкіх і пратэстанцкіх імперскіх саслоўяў, што выключыла магчымасць зрыву рэйхстага з-за канфесійнага супрацьстаяння.

Рэйхстаг меў ролю вярхоўнага органа саслоўнага прадстаўніцтва ў імперыі, быў адным з найважнейшых сувязных элементаў імперскай сістэмы і каналам вырашэння ўнутраных канфліктаў і супярэчнасцей[49]. Рэйхстаг таксама выконваў функцыі абмежавання імператарскай улады, а пасля Вестфальскага міру, які замацаваў статус рэйхстага як вышэйшага заканадаўчага органа імперыі, стаў цэнтрам інтэграцыйных працэсаў і апорным пунктам усёй імперскай канструкцыі[29].

Імперская канцылярыя

[правіць | правіць зыходнік]

Імперская канцылярыя была адным з найстарэйшых адміністрацыйных органаў Свяшчэннай Рымскай імперыі. Фармальным главой яе быў эрцканцлер (ням.: Erzkanzler), якіх у імперыі было трое. Найбольш магутным быў эрцканцлер Германіі — пачынаючы з імператара Атона I гэта пасада была замацавана за архібіскупам Майнца. У 962 годзе з'явілася пасада эрцканцлера Італіі, якая з другой паловы XI стагоддзя замацавалася за архібіскупамі Кёльна. Пасля далучэння ў XI стагоддзі да імперыі Бургундскага каралеўства з'явіўся і эрцканцлер Бургундыі — у пачатку XIV стагоддзя гэта пасада замацавалася за архібіскупамі Трыра. Калі ў XII—XIII стагоддзях у склад імперыі ўваходзіла Сіцылійскае каралеўства, яно таксама мела ўласную канцылярыю. Досыць рана абавязкі эрцканцлераў сталі ганаровымі. Уладальнікі пасады былі хавальнікамі пячаткі, атрымлівалі даходы ад сваіх канцылярый. Акрамя таго, эрцканцлеры падчас выбараў нямецкага караля атрымлівалі пераважныя правы. Эрцканцлерам фармальна былі падпарадкаваны канцлеры, якія абіраліся з ніжэйшага духавенства. Яны на практыцы кіравалі прыдворнай капэлай (хоць к канцу XII стагоддзя яна страціла сваё ранейшае значэнне), а таксама займаліся справамі канцылярыі. Прызначэнне канцлераў было прэрагатывай імператара, хоць эрцканцлеры і спрабавалі ўмешвацца ў іх выбары. З XIV стагоддзя канцлер уваходзіў у склад каралеўскага прыдворнага савета[50].

Трохчастковы падзел на канцылярыі па справах Германіі, Італіі і Бургундыі, які ўзыходзіў да канца X — пачатку XI стагоддзя, быў пацверджаны «Залатой булай» 1356 года, аднак страта імперскага ўплыву ў Італіі і Бургундыі ў познім Сярэднявеччы пазбавіла адпаведныя аддзелы імперскай канцылярыі практычнага значэння. У той жа час пасада главы імперскай канцылярыі засталася замацавана за архібіскупамі Майнца, якія працягвалі кіраваць гэтым органам да распаду імперыі ў 1806 годзе.

Імперская канцылярыя займалася справаводствам імператара, падрыхтоўвала праекты рашэнняў ці прапаноў, якія выносіліся на абмеркаванне рэйхстага ці калегіі курфюрстаў, арганізоўвала выбары імператара і правядзенне рэйхстагаў, вяла міжнародную перапіску, ажыццяўляла ўлік і захоўванне дакументаў імператарскага двара і рэйхстага. Пасада эрцканцлера была найвышэйшай у сістэме прыдворных чыноў імперыі. Эрцканцлер узначальваў калегію курфюрстаў, праводзіў пасяджэнні рэйхстага і фактычна быў сувязным звяном паміж імператарскім прастолам і тэрытарыяльнымі князямі. У 1559 годзе імператар Фердынанд I для таго, каб рэгламентаваць працу канцылярыі, выдаў спецыяльную пастанову[50].

Замацаванне пасады кіраўніка імперскай канцылярыі за архібіскупам Майнцкім узмацніла ўплыў імперскіх князёў на працэсы кіравання імперыяй. Аднак імператары захавалі кантроль над канцылярыяй праз пасаду віцэ-канцлера, якая была створана ў 1519 годзе імператарам Карлам V і па традыцыі прызначалася непасрэдна імператарам і размяшчалася пры імператарскім двары ў Вене. Віцэ-канцлер фармальна быў падпарадкаваны эрцканцлеру, аднак фактычна меў асобны адміністрацыйны апарат, які дазваляў імператарам праводзіць уласную палітыку[50].

Імперскі камеральны суд

[правіць | правіць зыходнік]
Пасяджэнне Імперскага камеральнага суда, 1750 г.

Імперскі камеральны суд (ням.: Reichskammergericht) быў найвышэйшым судовым органам Свяшчэннай Рымскай імперыі Новага часу. Яго ўзнікненне звязана з правядзеннем у канцы XV стагоддзя Імперскай рэформы, падчас якой на змену сярэдневяковаму прыдворнаму суду, які перамяшчаўся ўслед за імператарам па Германіі і ўладаннях Габсбургаў, прыйшоў саслоўны Імперскі камеральны суд, які меў пастаянную рэзідэнцыю ў імперыі. Рашэнне аб заснаванні суда было прынята Вормсскім рэйхстагам 1495 г., з 1527 г. яго штаб-кватэра знаходзілася ў Шпееры, а з 1689 г. — у Вецлары. Старшынь суда прызначаў імператар, аднак пераважная большасць членаў суда дэлегавалася імперскімі саслоўямі (курфюрстамі і імперскімі акругамі), што забяспечвала значную ступень незалежнасці ад імператара. З 1555 г. у сенаце суда адна палова суддзяў была каталікамі, іншая палова — лютэранамі.

Імперскі камеральны суд быў найвышэйшай апеляцыйнай і касацыйнай інстанцыяй па прысудах і пастановах судовых органаў суб'ектаў імперыі, а таксама месцам вырашэння канфліктаў паміж імперскімі саслоўямі і скарг на дзеянні імператара. З падведамнасці суда былі выключаны тэрыторыі, якія мелі права non appellando (Аўстрыя, Франш-Кантэ, з 1548 г. — Нідэрланды, з 1648 г. — курфюрствы), а таксама крымінальныя справы і справы выключнай кампетэнцыі імператара (апошнія разглядаліся ў Надворным савеце). Складаная працэсуальная сістэма Імперскага камеральнага суда і яго саслоўны характар абцяжарвалі працэс вырашэння спрэчак, у выніку чаго многія працэсы зацягваліся на дзесяцігоддзі, а ў некаторыя перыяды праца суда была цалкам паралізавана з-за супярэчнасцей паміж саслоўямі ці недафінансавання. Тым не менш, да канца існавання Свяшчэннай Рымскай імперыі камеральны суд меў вялікае значэнне для падтрымання адзінства прававой прасторы і судовай сістэмы Германіі.

Надворны савет

[правіць | правіць зыходнік]

Надворны савет быў заснаваны ў 1497 годзе. Імператар Максіміліян I, які адмовіўся ў 1495 г. ад кантролю над Імперскім камеральным судом, не жадаў губляць судова-адміністрацыйныя прэрагатывы ў імперыі і арганізаваў у Вене канкуруючую судовую інстанцыю — Імперскі надворны савет (ням.: Reichshofrat), усе члены якога прызначаліся імператарам. Канчатковую форму гэты орган набыў у 1559 г. пасля выдання Улажэння аб Імперскім надворным савеце. У выключную кампетэнцыю Надворнага савета ўваходзілі пытанні феадальна-леннага права, спрэчкі адносна тытулаў, зямельных уладанняў і феадальных абавязацельстваў, праў і прэрагатыў імператара, прывілеяў і наданняў імперскім саслоўям. У некаторых сферах юрысдыкцыя Надворнага савета перасякалася з юрысдыкцыяй Імперскага камеральнага суда: парушэнне земскага міру, абарона зямельных уладанняў, апеляцыі на прысуды і пастановы тэрытарыяльных судоў. У адрозненне ад Імперскага камеральнага суда ў Надворным савеце працэсуальныя нормы былі больш свабоднымі, а вытворчасць арыентавана на знаходжанне кампрамісу паміж бакамі, што дазваляла больш эфектыўна вырашаць канфлікты палітычнага і канфесійнага характару. Гэта значна павялічыла ролю Надворнага савета ў XVII стагоддзі, калі праца Імперскага камеральнага суда была паралізавана з-за барацьбы каталікоў і пратэстантаў.

Апроч судовых функцый, Надворны савет адыгрываў значную палітычную ролю, рэгулярна кансультуючы імператара па імперскіх пытаннях і распрацоўваючы прапановы ў сферы бягучай знешняй і ўнутранай палітыкі. Першапачаткова ў кампетэнцыю савета ўваходзілі таксама пытанні кіравання ўладаннямі Габсбургаў па-за Свяшчэннай Рымскай імперыяй, аднак пры Фердынандзе II гэта сфера была перададзена асобнаму Аўстрыйскаму надворнаму савету. Ядро савета ўтваралі найбліжэйшыя паплечнікі імператара, на чале з імперскім віцэ-канцлерам і канцлерам Аўстрыі, якія фарміравалі вузкі Тайны савет (ням.: Geheime Rat), які займаўся найважнейшымі ўрадавымі пытаннямі.

Імперскія акругі

[правіць | правіць зыходнік]
Імперскія акругі ў пачатку XVI стагоддзя

Стварэнне імперскіх акруг (ням.: Reichskreise) таксама было звязана з ажыццяўленнем імперскай рэформы. У 15001512 гадах тэрыторыя імперыі (без зямель Чэшскай кароны, Швейцарыі і Паўночнай Італіі) была падзелена на 10 акруг. У кожнай з іх быў створаны акруговы сход (ням.: Kreistag), у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі ўсіх дзяржаўных утварэнняў (акрамя ўладанняў імперскіх рыцараў), размешчаных на тэрыторыі акругі. На акруговых сходах дзейнічаў прынцып «адна тэрыторыя — адзін голас», што ў такіх акругах, як Швабская, Франконская і Верхнерэйнская дазваляла дробным імперскім утварэнням аказваць рэальны ўплыў на рэгіянальную і імперскую палітыку. У кампетэнцыі акруг знаходзіліся пытанні падтрымання земскага міру і вырашэння спрэчак паміж імперскімі саслоўямі, набор і ўтрыманне ўзброеных сіл, падтрыманне ў баяздольнасці крэпасцей, размеркаванне і збор імперскіх падаткаў. З 1681 года на акруговы ўзровень былі перададзены фактычна ўсе пытанні арганізацыі імперскай арміі і яе фінансавання. Акругі адыгрывалі важную ролю ў падтрыманні статус-кво ў імперыі, інтэграцыі дробных і сярэдніх дзяржаўных утварэнняў у агульнаімперскую сістэму і падтрыманні абараназдольнасці краіны. Найбольш эфектыўна функцыянавалі акругі, на тэрыторыі якіх адсутнічалі буйныя дзяржавы (Швабская і Франконская), тады як праца Верхнесаксонскай акругі была цалкам паралізавана з-за адмовы Брандэнбурга ад удзелу ў акруговых расходах. Акругі часам аб'ядноўваліся ў асацыяцыі: так, у перыяд вайны за іспанскую спадчыну асацыяцыя пяці заходніх акруг змагла аказаць дзейснае супраціўленне французскаму націску ў кірунку Рэйна. Сістэма акруг у практычна нязменным выглядзе праіснавала да роспуску Свяшчэннай Рымскай імперыі ў 1806 годзе.

Фінансавая сістэма

[правіць | правіць зыходнік]

Матэрыяльную аснову імператарскай улады ў раннія перыяды складалі даходы імператарскага дамена, частка паступленняў з царкоўных зямель, плацяжы феадальнага характару (рэльефы і інш.), а таксама выключныя каралеўскія правы (рэгаліі), перш за ўсё ў сферы выканання правасуддзя. Вялікае значэнне для забеспячэння бягучых патрэб імператарскага двара меў абавязак князёў прымаць на пастой і забяспечваць за свой кошт утрыманне імператара падчас яго знаходжання ў іх уладаннях (лац.: gistum), што прыводзіла да пастаянных перамяшчэнняў імператарскага двара па гарадах і замках Германіі і Італіі. У эпоху Гогенштаўфенаў галоўнай крыніцай фінансавання дзяржаўных расходаў сталі феадальная «дапамога» князёў і царкоўных устаноў Германіі і плацяжы, якія спаганяліся імператарскімі чыноўнікамі з багатых гарадоў Паўночнай Італіі[51]. Падзенне імперскай улады ў Італіі ў другой палове XIII стагоддзя рэзка абмежавала фінансавыя рэсурсы кароны: паходы імператараў за Альпы, хоць і прыносілі велізарныя багацці ў казну (у 1355 г. Карл IV вывез з Італіі каля 800 000 флорынаў[52]), але былі вельмі рэдкія.

У познім Сярэднявеччы асноўнай крыніцай паступленняў сталі ўзносы імперскіх гарадоў, даходы спадчынных уладанняў імператара (землі чэшскай кароны пры Люксембургах, Аўстрыя пры Габсбургах), а таксама эпізадычныя паступленні ў выглядзе ўнутраных і знешніх пазык, выкупных плацяжоў за адмову ад каралеўскіх рэгалій у дачыненні да асобных гарадоў або тэрыторый і кантрыбуцый з яўрэяў. Гэтых крыніц было недастаткова не толькі для правядзення актыўнай знешняй палітыкі, утрымання буйной арміі ці разгалінаванага апарата кіравання, але і для фінансавання бягучых дзяржаўных расходаў. Калі ў сярэдзіне XIV стагоддзя кароль Англіі меў даходы на суму каля 770 тысяч флорынаў у год, кароль Францыі — больш за 2,5 мільёна, то імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі мог разлічваць толькі на 150 тысяч, прычым па меркаванню некаторых даследчыкаў рэальных паступленняў набіралася не больш за трэць гэтай сумы, а аб'ём запазычанняў у 70 раз перавышаў прыбытковую частку дзяржаўнага бюджэту[53]. К пачатку XV стагоддзя паступленні яшчэ больш скараціліся: па сучасных ацэнках, даходы імператара Жыгімонта не перавышалі 15 тысяч флорынаў у год. Спроба ўвядзення адзінага агульнаімперскага падатку на крыжовы паход супраць гусітаў правалілася з-за супраціўлення саслоўяў і адсутнасці сістэмы збору падаткаў. Дзяржаўная падатковая сістэма пачала зараджацца ў пачатку XV стагоддзя на ўзроўні буйных тэрытарыяльных княстваў (Пфальц, Брандэнбург, Вюртэмберг, Баварыя, Аўстрыя). Менавіта паступленні са спадчынных уладанняў Габсбургаў, якія больш чым у чатыры разы пераўзыходзілі імперскія даходы, а таксама пазыкі ў Фугераў і іншых нямецкіх банкірскіх дамоў, дазвалялі Максіміліяну I[K 13] і яго пераемнікам праводзіць актыўную знешнюю палітыку і трымаць буйныя наёмныя войскі.

У рамках імперскай рэформы 1495 года ўпершыню быў зацверджаны адзіны ўсеагульны прамы падатак — «агульны пфеніг» (ням.: Gemeiner Pfennig), яго павінны былі плаціць усе грамадзяне імперыі, якія дасягнулі 15 гадоў. Сродкі ад збору гэтага падатку павінны былі ісці на фарміраванне арміі для войн з Францыяй і Асманскай імперыяй. Аднак збор падатку быў практычна сарваны з-за супраціўлення саслоўяў і адсутнасці фіскальных органаў. У далейшым імператарам удавалася эпізадычна атрымліваць субсідыі саслоўяў на барацьбу з туркамі, аднак гэтыя сродкі былі вельмі нязначнымі. Толькі ў 1681 годзе рэйхстаг зацвердзіў ваенную рэформу, якая абавязала суб'екты імперыі фінансаваць утрыманне імперскай арміі, для чаго на ўзроўні імперскіх акруг былі створаны фінансавыя ведамствы. Такая сістэма захавалася да канца існавання імперыі, аднак яна забяспечвала толькі мінімум сродкаў, неабходных для падтрымання агульных узброеных сіл і функцыянавання імперскіх устаноў. Імператары былі вымушаны папаўняць бюджэтны дэфіцыт за кошт даходаў са спадчынных уладанняў і знешніх пазык.

Ваенная сістэма

[правіць | правіць зыходнік]

Ваенная сістэма імперыі першапачаткова засноўвалася на феадальным абавязку васалаў імператара выстаўляць ваенныя кантынгенты ў выпадку неабходнасці. Ядром імперскай арміі былі рыцары, выстаўленыя свецкімі і духоўнымі князямі. Апроч іх да ваенных паходаў прыцягваліся міністэрыялы[54], а для патрэб абароны да XII стагоддзя выкарыстоўвалася таксама апалчэнне свабодных сялян (лац.: milites agrarii). Па сучасных ацэнках[55], у канцы X стагоддзя для сваіх паходаў у Італію імператар мог збіраць да 6000 узброеных рыцараў толькі з аднаго Германскага каралеўства. Умовы вайсковай службы вызначаліся феадальнымі звычаямі і зацвярджаліся рашэннямі з'ездаў князёў імперыі. Вярхоўным галоўнакамандуючым быў імператар. Акрамя імперскай арміі найбуйнейшыя феадалы, асабліва кіраўнікі прыгранічных марак, мелі ўласныя ваенныя кантынгенты, якія дазвалялі ім весці самастойную знешнюю палітыку.

У познім Сярэднявеччы з-за сістэматычнага ўхілення князёў ад аказання ваеннай дапамогі галоўнай сілай імперскай арміі сталі наёмныя войскі. У XV стагоддзі Швейцарыя, затым Швабія, а пазней і іншыя нямецкія рэгіёны сталі цэнтрамі гандлю прафесійнымі салдатамі, якіх наймалі імперскія княствы, свабодныя гарады і замежныя дзяржавы для вядзення ваенных дзеянняў. Хранічны дэфіцыт казны не дазваляў імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі ў поўнай меры выкарыстаць гэту ваенную сілу. Толькі адносная стабілізацыя фінансаў пры Максіміліяне I дала магчымасць наняць значныя кантынгенты ландскнехтаў, з дапамогай якіх удалося адбіць націск Францыі на імперскія землі.

Неабходнасць карэннай перабудовы ваеннай сістэмы стала відавочнай к канцу XV стагоддзя ва ўмовах абвастрэння знешняй пагрозы з боку Францыі і Асманскай імперыі. У рамках імперскай рэформы ў 1500 годзе быў уведзены агульнаімперскі падатак на фінансаванне ваенных расходаў, а імперскім матрыкулам у 1521 годзе ўстаноўлены нормы выстаўлення ваенных кантынгентаў кожным суб'ектам імперыі такім чынам, каб забяспечыць камплектаванне арміі ў складзе 20 000 салдат пяхоты і 4 000 кавалерыі. Аднак кіраўнікі буйных княстваў сістэматычна ўхіляліся ад выплаты падатку і вылучэння салдат у імперскую армію. Імператарам прыходзілася разлічваць на наймітаў, рэкрутаў з габсбургскіх уладанняў або складаць двухбаковыя дагаворы аб выдзяленні салдат з асобнымі княствамі. У 1556 годзе быў арганізаваны гофкрыгсрат — ваенны савет Аўстрыйскіх зямель, пазней пераўтвораны ў цэнтральнае ваеннае ведамства імператара.

Імперская армія

[правіць | правіць зыходнік]

Ва ўмовах пачатку Трыццацігадовай вайны Фердынанд II наняў прафесійную армію Валенштэйна, якая ўтрымлівалася за кошт кантрыбуцый з захопленых зямель. Шкода, якую чынілі найміты, прымусіла князёў пагадзіцца на фарміраванне арміі на прынцыпах, закладзеных імперскай рэформай. Упершыню імперская армія (ням.: Reichsarmee) была створана ў 1630 годзе і выкарыстоўвалася ў ваенных дзеяннях супраць шведаў і туркаў. Паводле закона 1681 года імперская армія павінна была складацца з 28 тысяч салдат пяхоты і 12 тысяч кавалерыі, прычым адказнасць за фарміраванне і ўтрыманне арміі, а таксама за падтрыманне абараназдольнасці імперскіх крэпасцей, была ўскладзена на імперскія акругі. У перыяд ваенных дзеянняў колькасць арміі магла па рашэнню імперскіх акруг павялічвацца. Камандаванне і прызначэнне вышэйшага афіцэрскага саставу ажыццяўлялася непасрэдна імператарам. У 1694 годзе на ўзроўні некалькіх імперскіх акруг было прынята рашэнне аб падтрыманні ў боегатоўнасці некаторых частак імперскай арміі і ў мірны час, у выніку чаго ўзніклі сталыя акруговыя войскі (ням.: Kreistruppen), якія існавалі адначасова з арміямі асобных княстваў. Імператар таксама наймаў ваенныя кантынгенты ў тэрытарыяльных кіраўнікоў.

Княствы па-ранейшаму імкнуліся абмежаваць свой удзел у камплектаванні імперскай арміі, захоўваючы свае лепшыя вайсковыя кантынгенты для ўласных войскаў або перадаючы іх па найму за плату замежным дзяржавам. Гандаль салдатамі ператварыўся ў адну з найважнейшых крыніц даходаў сярэдніх і малых дзяржаўных утварэнняў імперыі (класічны прыклад — Гесэн-Касель). Баявая падрыхтоўка, зброя і дысцыпліна імперскай арміі таксама заставаліся на досыць нізкім узроўні. У перыяд французскай агрэсіі канца XVII стагоддзя дзякуючы намаганням Швабскай, Франконскай і Верхнерэйнскай акруг удалося арганізаваць досыць эфектыўную пастаянную імперскую армію, аднак у 1740 годзе яна была распушчана. Падчас Сямігадовай вайны зноў створаная імперская армія пацярпела разгромнае паражэнне ў бітве пры Росбаху ад прускіх войскаў. Таксама няўдалымі былі дзеянні імперскай арміі ў войнах з рэвалюцыйнай Францыяй. Парадак фарміравання і ўтрымання арміі ўжо не адпавядаў патрабаванням часу. Пасля падзення Свяшчэннай Рымскай імперыі і ўтварэння Рэйнскага саюза ў 1806 годзе імперская армія перастала існаваць.

  1. Аднак, часцей Атон I і яго найбліжэйшыя пераемнікі выкарыстоўвалі тытул imperator augustus.
  2. Злучэнне вярхоўнага свецкага і духоўнага пачатку ў асобе імператара мела візантыйскія карані, хоць Візантыя процістаяла Свяшчэннай Рымскай імперыі ў барацьбе за гонар лічыцца спадчынніцай Старажытнага Рыма і не прызнавала тытул рымскага імператара за германскімі манархамі.
  3. Пад «Трэцяй Германіяй» разумелася Германія гарадоў, дробных імперскіх графстваў і рыцараў у проціпастаўленні «Першай Германіі» імператара і «Другой Германіі» курфюрстаў.
  4. Карл VII Альбрэхт, які быў імператарам у 1742—1745 гг., належаў да дому Вітэльсбахаў
  5. Вядома, што імператар Франц I яшчэ ў 1745 годзе спытаў англійскага пасла: «Ці варта імператарская карона страты Сілезіі?»
  6. Гл. выказванне Людовіка XIV: «дзяржава — гэта я».
  7. Каранацыі праходзілі ў Ахене, Мілане і Арлі, адпаведна.
  8. Каранавацца імператарам удалося толькі Карлу V.
  9. З часоў гусіцкіх войн і да 1708 г. курфюрскія паўнамоцтвы чэшскага караля былі абмежаваны выключна правам голасу пры абранні імператара.
  10. Пфальц ізноў страціў статус курфюрства ў 1777 годзе пасля аб'яднання з Баварыяй.
  11. Так, напрыклад, курфюрст Гановера ў канцы XVIII стагоддзя меў шэсць галасоў у савеце імперскіх князёў.
  12. Архібіскупы Майнца, Кёльна і Безансона, адпаведна.
  13. У 1515 годзе доўг Максіміліяна I Якаву Фугеру склаў 800000 флорынаў. Гл. Рапп Ф. Священная Римская империя германской нации / Пер. с фр. М. В. Ковальковой. — СПб.: Евразия, 2009. — 427 с — 1 500 экз. — ISBN 978-5-8071-0327-7 с 382.
  1. Рапп 2009, с. 9.
  2. Рапп 2009, с. 7.
  3. Рапп 2009, с. 65.
  4. Moraw, P. Heiliges Reich. // Lexikon des Mittelalters, Bd. 4.
  5. Рапп 2009, с. 15—35.
  6. Рапп 2009, с. 64—65.
  7. Рапп 2009, с. 63.
  8. Рапп 2009, с. 64.
  9. Рапп 2009, с. 138.
  10. Рапп 2009, с. 121.
  11. Рапп 2009, с. 158.
  12. Рапп 2009, с. 168—170.
  13. Рапп 2009, с. 184—206.
  14. Рапп 2009, с. 213—229.
  15. Рапп 2009, с. 248—249.
  16. Рапп 2009, с. 241—242.
  17. Рапп 2009, с. 235.
  18. Рапп 2009, с. 232—233.
  19. Рапп 2009, с. 234.
  20. Грёссинг 2005, с. 112—113.
  21. Грёссинг 2005, с. 217—220.
  22. а б Максимилиан I(недаступная спасылка). Энциклопедия «Кругосвет». Архівавана з першакрыніцы 11 жніўня 2011. Праверана 23 снежня 2009.
  23. Грёссинг 2005, с. 185—186.
  24. Грёссинг 2005, с. 114—115, 252—254.
  25. Егер О. Всемирная история (том 3. Новая история). Книга первая. Реформация в Германии 1517-1555. Глава шестая. Библиотека Гумер. Архівавана з першакрыніцы 11 жніўня 2011. Праверана 7 мая 2011.
  26. Егер О. Всемирная история (том 3. Новая история). Книга вторая. Реформация и Антиреформация 1555-1618. Глава шестая. Библиотека Гумер. Архівавана з першакрыніцы 11 жніўня 2011. Праверана 8 мая 2011.
  27. Егер О. Всемирная история (том 3. Новая история). Книга третья. Период Тридцатилетней войны. Глава первая. Библиотека Гумер. Архівавана з першакрыніцы 11 жніўня 2011. Праверана 8 мая 2011.
  28. Press V. Kriege und Krise. Deutschland 1600—1715. München, 1991.
  29. а б Schindling 1980.
  30. Schmidt G. Der Dreissigjährige Krieg. München, 1997.
  31. а б в Егер О. Всемирная история (том 3. Новая история). Книга четвертая. Век Людовика XIV. Глава шестая. Библиотека Гумер. Архівавана з першакрыніцы 11 жніўня 2011. Праверана 8 мая 2011.
  32. Егер О. Всемирная история (том 3. Новая история). Книга шестая. Век Фридриха Великого. Глава первая. Библиотека Гумер. Архівавана з першакрыніцы 11 жніўня 2011. Праверана 10 мая 2011.
  33. Егер О. Всемирная история (том 3. Новая история). Книга шестая. Век Фридриха Великого. Глава первая. Библиотека Гумер. Архівавана з першакрыніцы 11 жніўня 2011. Праверана 8 мая 2011.
  34. Гл., напрыклад, Шмидт, А. Карл VII. // Кайзеры. Ростов-на-Дону, 1997.
  35. Егер О. Всемирная история (том 4. Новейшая история). Книга первая. Революция во Франции 1789-1799. Глава шестая. Библиотека Гумер. Архівавана з першакрыніцы 11 жніўня 2011. Праверана 8 мая 2011.
  36. Цыт. паводле Kubin, E. Die Reichskleinodien, Ihr tausendjähriger Weg, Wien und München 1991, ISBN 3-85002-304-4.
  37. Егер О. Всемирная история (том 4. Новейшая история). Книга вторая. Консульство и Империя. Глава третья. Библиотека Гумер. Архівавана з першакрыніцы 11 жніўня 2011. Праверана 9 мая 2011.
  38. Цыт. паводле: Hartmann, P. C. Das Heilige Römische Reich deutscher Nation in der Neuzeit 1486-1806. — Stuttgart, 2005. ISBN 3-15-017045-1.
  39. Severinus von Monzambano. De statu Imperii Germanici Liber unus. — Женева, 1667. Цит. по: Прокопьев, А. Ю. Германия в эпоху религиозного раскола: 1555—1648. — СПб, 2002.
  40. Цыт. паводле: Wesel, U. Geschichte des Rechts. Von den Frühformen bis zur Gegenwart. — München, 2001
  41. а б в г Властные институты и должности в Европе. — С. 125—126.
  42. а б в г д е ё Властные институты и должности в Европе. — С. 131—136.
  43. Відукінд Карвейскі. Дзеянні саксаў, кн. II, 2.
  44. Цітмар Мерзебургскі. Хроніка, кн. IV, 9 (7).
  45. Хёфер 2006, с. 153.
  46. Рапп 2009, с. 127.
  47. Rapp 2007.
  48. Рапп 2009, с. 290.
  49. Прокопьев А. Ю. Германия в эпоху религиозного раскола: 1555—1648. — СПб, 2002
  50. а б в Властные институты и должности в Европе. — С. 127—130.
  51. Рапп 2009, с. 200—201.
  52. Рапп 2009, с. 287.
  53. Рапп 2009, с. 300.
  54. Хёфер 2006, с. 41.
  55. Рапп 2009, с. 132.
  • Балакин В. Д. Творцы Священной Римской империи. — М.: Молодая гвардия, 2004. — 356 с. — (Жизнь замечательных людей: Серия биографий; Вып. 1095 (895)). — 5000 экз. — ISBN 5-235-02660-8
  • Брайс, Дж. Священная Римская империя. — М., 1891
  • Бульст-Тиле Мария Луиза, Йордан Карл, Флекенштейн Йозеф. Священная Римская империя: эпоха становления / Пер. с нем. Дробинской К. Л., Неборской Л. Н. под редакцией Ермаченко И. О. — СПб.: Евразия, 2008. — 480 с. — 1000 экз. — ISBN 978-5-8071-310-9
  • Властные институты и должности в Европе в Средние века и раннее Новое время / отв. ред. Т. П. Гусарова. — М.: КДУ, 2011. — 600 с. — 1000 экз. — ISBN 978-5-98227-773-2
  • Всемирная история. Т. 3—5 — М., 1957.
  • Грёссинг З. Максимилиан I / Пер. с нем. Е. Б. Каргиной. — М.: АСТ, 2005. — 318 с. — (Историческая библиотека). — 5 000 экз. — ISBN 5-17-027939-6
  • Егер О. Всемирная история: в 4 томах. — СПб.: Специальная литература, 1997. — Т. 2: Средние века. — 690 с. — 5 000 экз. — ISBN 5-87685-085-3
  • Егер О. Всемирная история: в 4 томах. — СПб.: Полигон; М.: АСТ, 1999. — Т. 3: Новая история. — 719 с. — 5 000 экз. — ISBN 5-17-003141-6
  • Егер О. Всемирная история: в 4 томах. — СПб.: Полигон; М.: АСТ, 2002. — Т. 4: Новейшая история. — 768 с. — 5 000 экз. — ISBN 5-89173-043-X
  • Галанза П. Н. Феодальное государство и право Германии. — М., 1963
  • Колесницкий, Н. Ф. Священная Римская империя: притязания и действительность. — М., 1977
  • Прокопьев, А. Ю. Германия в эпоху религиозного раскола: 1555—1648. — СПб, 2002. ISBN 5-93762-014-3.
  • Рапп Ф. Священная Римская империя германской нации / Пер. с фр. М. В. Ковальковой. — СПб.: Евразия, 2009. — 427 с. — 1 500 экз. — ISBN 978-5-8071-0327-7
  • Хёфер, М. Император Генрих II. — М.: Транзиткнига, 2006. — ISBN 5-9578-2270-1.
  • Шиндлинг А., Циглер В. Кайзеры. — Ростов-на-Дону, 1997. ISBN 5-222-000222-2
  • Angermeier, H. Reichsreform 1410—1555. — München, 1984. ISBN 3-406-30278-5.
  • Hartmann, P. C. Das Heilige Römische Reich deutscher Nation in der Neuzeit 1486—1806. — Stuttgart 2005. ISBN 3-15-017045-1.
  • Herbers, K., Neuhaus, H. Das Heilige Römische Reich — Schauplätze einer tausendjährigen Geschichte (843—1806). — Köln, Weimar 2005. ISBN 3-412-23405-2.
  • Press, Volker Kriege und Krisen. Deutschland 1600—1715. C.H. Beck, München, 1991.
  • Prietzel, M. Das Heilige Römische Reich im Spätmittelalter. — Darmstadt, 2004. ISBN 3-534-15131-3.
  • Rapp, F. Svatá říše římská národa německého. — Praha, 2007.
  • Schmidt, G. Geschichte des Alten Reiches. Staat und Nation in der Frühen Neuzeit 1495—1806. — München, 1999. ISBN 3-406-45335-X.
  • Schindling, A. Walter Ziegler (Hrsg.): Die Kaiser der Neuzeit 1519—1806. — München 1990. ISBN 3-406-34395-3.
  • Schindling A. Der Westfälische Frieden und der Reichstag // Politische Ordnungen und soziale Kräfte im alten Reich. — Wiesbaden: Hermann Weber, 1980.
  • Wesel, U. Geschichte des Rechts. Von den Frühformen bis zur Gegenwart. — München, 2001